17 лютага, Віцебск /Дзіяна Курыла - БЕЛТА/. Найбольшую колькасць адміністрацыйных спагнанняў у Віцебскай вобласці эколагі накладаюць на парушальнікаў прыродаахоўнага заканадаўства ў сферы аховы атмасфернага паветра і абыходжання з адходамі, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА начальнік аддзела аператыўнага кантролю Віцебскага абласнога камітэта прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Юрый Каралёў.
Па выніках інспекцыйнай дзейнасці камітэтам і яго структурнымі падраздзяленнямі ў 2011 годзе прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці амаль 4,3 тыс. правапарушальнікаў прыродаахоўнага заканадаўства. Штрафныя санкцыі прыменены да 1,9 тыс. службовых асоб, 1,3 тыс. грамадзян і індывідуальных прадпрымальнікаў, 712 юрыдычным асобам. Агульная сума накладзеных штрафаў склала Br599 млн.
У тройку найбольш частых адміністрацыйна каральных дзеянняў уваходзяць парушэнні ў галіне аховы атмасфернага паветра і азонавага слоя - 1073 правапарушальніка, у галіне абыходжання з адходамі - 1018 правапарушальніка, у галіне выкарыстання і аховы расліннага свету - 521 правапарушальнік. Да суб'ектаў праверак у мінулым годзе ў галіне аховы і выкарыстання аб'ектаў расліннага свету прад'яўлена ў 1,8 раза больш прэтэнзій, чым у 2010 годзе, у галіне абыходжання з адходамі - у 2,3 раза больш.
Па матэрыялах праверак вынесена 68 пастановаў аб прыпыненні альбо забароне дзейнасці правяраемага суб'екта. У праваахоўныя органы для дачы прававой ацэнкі па фактах прычынення шкоды навакольнаму асяроддзю ў буйным памеры накіравана 8 прадстаўленняў.
Па дадзеных камітэта, у Віцебскай вобласці з 32862 суб'ектаў, якія ўлічваюцца камітэтам і яго структурнымі падраздзяленнямі пры ажыццяўленні нагляднай дзейнасці, 0,7% суб'ектаў аднесены да высокай групы рызыкі, 2,9% - да сярэдняй, астатнія - да нізкай групы рызыкі.-0-
БЕЛТА
Эколагі Віцебскай вобласці часцей за ўсё штрафуюць парушальнікаў за забруджванне паветра
17.2.20120 праглядаў