25 лютага, Віцебск /Кар. БЕЛТА/. Эколагі ўнеслі РУП "Талачынскі кансервавы завод" у чорны спіс працяглых парушальнікаў прыродаахоўнага заканадаўства, паведамляе БЕЛТА са спасылкай на афіцыйны сайт Віцебскага абласнога камітэта прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя.

Талачынскай раённай інспекцыяй прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя за парушэнне водаахоўнага заканадаўства на Талачынскі кансервавы завод у 2012 годзе складзена 12 пратаколаў, у тым ліку два - на службовых асоб прадпрыемства, на агульную суму Br29,7 млн.

Сярод найбольш буйных парушэнняў прадпрыемства - скіданне вытворчых сцёкавых вод цэха па вытворчасці крухмалу, з-за якога ў прудах на рацэ Рагачоўцы загінула 11,5 тыс. розных відаў рыб. Кансервавы завод парушаў правілы эксплуатацыі водагаспадарчых збудаванняў і прылад, якія прадухіляюць забруджванне вод. Віцебскі абласны камітэт прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя правёў маніторынг цэха па вытворчасці крухмалу. У выніку ўстаноўлена, што ачышчальныя збудаванні механічнай ачысткі, якія складаюцца з чатырох чэкаў-адстойнікаў і прымаюць сцёкі ад мыцця бульбы з выпускам у раку, знаходзяцца ў незадавальняльным стане. Сістэма ачысткі, якая павінна працаваць як абаротнае водазабеспячэнне без скіду сцёкавых вод у Рагачоўку, не функцыянуе.

Насуперак пастанове Мінпрыроды кансервавы завод не праводзіць лакальны маніторынг навакольнага асяроддзя, аб'ектам назірання якога з'яўляецца скіданне сцёкавых вод з ачышчальных збудаванняў механічнай ачысткі ў водны аб'ект. Біёлага-ачышчальныя збудаванні, пабудаваныя ў 1976 годзе, на момант правядзення маніторынгу разбураны цалкам. Вытворчыя і прамыўныя сцёкавыя воды цэха па вытворчасці крухмалу паступаюць на біёлага-ачышчальныя пруды, якія запоўнены сцёкамі на 100%. Таксама запоўнены чатыры карты глеістых пляцовак і шлакавая пляцоўка. Прадпрыемствам не распрацаваны нарматывы водаспажывання і водаадвядзення згодна з патрабаваннямі Воднага кодэкса Беларусі.

Па выніках маніторынгу ў адрас Талачынскага кансервавага завода былі накіраваны рэкамендацыі па ліквідацыі выяўленых парушэнняў.

Талачынскі кансервавы завод стаў трэцім у чорным спісе віцебскіх эколагаў. Да гэтага ў спіс траплялі унітарнае прадпрыемства жыллёва-камунальнай гаспадаркі Расонскага раёна і закрытае акцыянернае таварыства "Віцебскаграпрадукт".-0-