8 лютага, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Віцебскія экологи за год восем раз штрафавалі закрытае акцыянернае таварыства (ЗАТ) "Віцебскаграпрадукт" і ўнеслі яго ў "чорны" спіс, паведаміла карэспандэнту БЕЛТА галоўны спецыяліст Віцебскага абласнога камітэта прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Таццяна Ясюліна. Прадпрыемства і яго службовыя асобы прыцягваліся да адміністрацыйнай адказнасці за неаднаразовыя парушэнні прыродаахоўнага заканадаўства, у прыватнасці за ажыццяўленне гаспадарчай дзейнасці па ўтрыманні і адкорме 3 тыс. свіней без правядзення дзяржаўнай экалагічнай экспертызы, за самавольнае водакарыстанне без дазволу на спецыяльнае водакарыстанне. За 2010 і 2011 гады на філіялах прадпрыемства былі зафіксаваны дзве аварыйныя сітуацыі, якія прывялі да забруджвання водных аб'ектаў. Акрамя таго, падчас праверкі было ўстаноўлена, што на адным з комплексаў фактычнае ўтрыманне свіней перавышае праектную магутнасць у 1,6 раза, пры гэтым меры па рэканструкцыі сістэмы нававоцудалення не прымаюцца. Як юрыдычная асоба ЗАТ "Віцебскаграпрадукт" прыцягвалася да адміністрацыйнай адказнасці ў выглядзе накладання штрафу, а за прычыненне шкоды навакольнаму асяроддзю прад'яўлена прэтэнзія ў памеры Br85 млн. Па суме прад'яўленай прэтэнзіі "Віцебскаграпрадукт" апярэдзіў яшчэ аднаго злоснага парушальніка прыродаахоўнага заканадаўства і свайго суседа па "чорным" спісе - унітарнае прадпрыемства жыллёва-камунальнай гаспадаркі Россонскага раёна, якому прад'яўлены прэтэнзіі па кампенсацыі шкоды, прычыненай навакольнаму асяроддзю, на агульную суму Вr23,7 млн. Абласным камітэтам і яго структурнымі падраздзяленнямі ў 2011 годзе праведзена 835 планавых і пазапланавых праверак. Па іх выніках суб'ектам гаспадарання прадпісана да ліквідацыі каля 12 тыс. мерапрыемстваў. Па выніках інспекцыйнай дзейнасці камітэтам і яго структурнымі падраздзяленнямі ў 2011 годзе прыцягнута да адміністрацыйнай адказнасці 4,3 тыс. правапарушальнікаў прыродаахоўнага заканадаўства. Штрафы накладзены на 1,9 тыс. службовых асоб на суму Br179,6 млн., на 1,3 тыс. грамадзян і індывідуальных прадпрымальнікаў - на Br69,7 млн., на 712 юрыдычных асоб - на Br350,3 млн. -0-

БЕЛТА