29 мая, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Экалагічная акцыя "Чыстае паветра" пройдзе ў чэрвені ў Віцебскай вобласці, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў Віцебскім абласным камітэце прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя.

Акцыя стартуе 1 чэрвеня і накіравана на зніжэнне шкоднага ўздзеяння аўтатранспарту на атмасфернае паветра. У кожным раёне вобласці, а таксама Віцебску, Полацку, Наваполацку і Оршы будзе ажыццяўляцца дзяржаўны кантроль за выкананнем законаў "Аб ахове навакольнага асяроддзя" і "Аб ахове атмасфернага паветра". З гэтай мэтай распрацаваны планы сумеснай работы з тэрытарыяльнымі падраздзяленнямі Дзяржаўтаінспекцыі па праверцы транспартных сродкаў аўтагаспадаркі, станцый тэхнічнага абслугоўвання, аўтатранспарту грамадзян.Рэйдавыя групы правераць выкананне нормаў і патрабаванняў дзяржаўных стандартаў па таксічнасці і дымнасці адпрацаваных газаў уладальнікамі прыватных аўтамашын, наяўнасць у аўтатранспартных арганізацыях, станцыях тэхнічнага абслугоўвання кантрольна-рэгулявальных пунктаў, іх насычанасць прыборамі кантролю таксічнасці і дымнасці. Асаблівая ўвага будзе нададзена правільнасці выкарыстання прыбораў і метадаў дыягностыкі выпускаемых на лінію аўтамашын, выкананню аўтапрадпрыемствамі мерапрыемстваў па зніжэнні забруджвання атмасферы выкідамі транспарту.

Правядзенне дадзенай экалагічнай акцыі ўносіць рэальны ўклад у зніжэнне аб'ёмаў выкідаў забруджвальных рэчываў ад аўтатранспартных сродкаў, якія аказваюць негатыўнае ўздзеянне на здароўе насельніцтва і навакольнае асяроддзе, падкрэслілі ў камітэце.-0-