18 мая, Ушачы /Кар. БЕЛТА/. Эканамічная лібералізацыя не павінна перашкодзіць абароне нацыянальных інтарэсаў. Аб гэтым заявіў сёння міністр інфармацыі Беларусі, член рэспубліканскага савета грамадскага аб'яднання "Белая Русь" Алег Праляскоўскі, выступаючы перад удзельнікамі справаздачна-выбарнай канферэнцыі Ушацкай раённай арганізацыі ГА "Белая Русь", перадае карэспандэнт БЕЛТА. "Размова ідзе не пра лібералізацыю, пра якую так шмат апошнім часам гавораць у тым сэнсе, што тых, каго раней лічылі "пятай калонай", трэба прызнаць нармальнымі палітыкамі і дазволіць ім легальна і адкрыта працаваць. Катэгарычна не! Такі паварот быў бы разбуральным для краіны! Для таго, каб захаваць кіравальнасць і суверэнітэт Беларусі пры пэўнай эканамічнай лібералізацыі, неабходна захоўваць і нават нарошчваць магутнасць тых механізмаў, якія дазваляюць дзяржаве і патрыятычна настроеным грамадзянам абараняць нацыянальныя інтарэсы як унутры, так і па-за краінай", - лічыць міністр інфармацыі. Пры гэтым ён сказаў, што "не азіраючыся на маргінальную "пятую калону" мы павінны працягваць дзелавое, канструктыўнае абмеркаванне канкрэтных праблем нашага грамадства і шляхоў іх вырашэння". "Трэба абмяркоўваць канкрэтныя папраўкі ў заканадаўства, канкрэтныя праекты, тое, як зрабіць эканоміку больш эфектыўнай, а жыццё людзей лепшым", - падкрэсліў кіраўнік ведамства. Алег Праляскоўскі адзначыў, што сённяшняя канферэнцыя праходзіць у вельмі цікавы перыяд развіцця нашай беларускай дзяржавы. "Пераадолеўшы першыя негатыўныя наступствы сусветнага фінансава-эканамічнага крызісу, Беларусь прыступіла да глыбокага, але спакойнага і планамернага рэфармавання сваёй эканомікі. Аб асноўных напрамках гэтай работы кіраўнік дзяржавы ўжо падрабязна гаварыў 8 мая ў ходзе штогадовага звароту да Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь і беларускага народа", - падкрэсліў міністр інфармацыі.