Праграмы Саюзнай дзяржавы скарачаць ні ў якім разе нельга, іх фінансаванне трэба павялічваць. Пра гэта Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў на сустрэчы з Дзяржаўным сакратаром Саюзнай дзяржавы Дзмітрыем Мезенцавым, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Добра, што ў нас гэты год пачынаецца з дадзенага мерапрыемства. Шчыра кажучы, нам трэба актуалізаваць парадак дня Саюзнай дзяржавы і пачаць з таго, каб падвесці вынікі пройдзенага шляху, намеціць планы на будучыню. Для гэтага трэба вышэйшыя органы нашай Саюзнай дзяржавы ў вочным фармаце ўжо сабраць і правесці адпаведнае пасяджэнне. Я думаю, што можна было б выбраць алгарытм таго, што Саўмін правядзе сваё пасяджэнне і па выніках вызначым час пасяджэння Вышэйшага дзяржаўнага савета, які пройдзе на ўзроўні вышэйшых службовых асоб нашай Саюзнай дзяржавы", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Пры гэтым галоўным пытаннем у двухбаковым парадку дня павінна быць рэалізацыя галіновых праграм, падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. "Эканамічныя, навуковыя, гуманітарныя і іншыя праграмы, якія мы фінансуем. Скарачаць ні ў якім разе нельга. Трэба толькі павялічваць фінансаванне, паклаўшы ў аснову найбольш актуальныя прынцыпы і напрамкі нашай работы ў эканоміцы: імпартазамяшчэнне і гэтак далей. Тое, што трэба цяпер нашым дзяржавам, - і Беларусі, і Расіі ў тым ліку", - адзначыў Прэзідэнт.

"Я думаю, што мы яшчэ сустрэнемся да пасяджэння ВДС пасля саюзнага Саўміна. Знайдзіце час, каб мы селі і выпрацавалі парадак дня Вышэйшага дзяржсавета. Перагаворыце з Адміністрацыяй Прэзідэнта Пуціна па графіках. Мы тут вызначымся. Калі трэба, я перагавару з Прэзідэнтам Пуціным, і мы вызначым парадак дня канчаткова для ўнясення на пасяджэнне Вышэйшага дзяржаўнага савета. І вызначым тады ўжо час, узгоднім", - дадаў Аляксандр Лукашэнка.