10 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Эканоміі электраэнергіі ад пераходу Беларусі на зімовы час няма, паведаміла карэспандэнту БЕЛТА памочнік міністра энергетыкі Людміла Зяньковіч.
"Для Беларусі эфект ад пераходу на сезонны час мае няпроцяглы перыяд (каля месяца) вясной. Астатні час года эканамічнага эфекту не назіраецца", - адзначыла яна. Для ацэнкі змянення электраспажывання Беларусі пры пераходзе на летні час разглядаліся сярэднесутачныя графікі працоўных дзён за тыдзень да і пасля пераводу гадзіннікаў.
У Мінэнерга растлумачылі, што пераход на летні час уплывае на фарміраванне вечаровага максімуму: ён наступае на 2 гадзіны пазней і становіцца меншым на 150 МВт, сутачнае спажыванне электраэнергіі змяншаецца на 0,96 млн. кВт.г. У той жа час пры адмене летняга часу сутачнае спажыванне электраэнергіі павялічваецца на 0,56 млн. кВт.г, вечаровы пік нагрузкі ўзрастае на 120 МВт і наступае на 1 гадзіну раней.
Такім чынам, эфект па эканоміі электраэнергіі ад пераходу на летні час складае каля 20 млн. кВт.г (0,06% гадавога электраспажывання аб'яднанай энергасістэмы Беларусі).
Раней паведамлялася, што мэтазгоднасць пераходу на зімовы час у Беларусі будзе абмяркоўвацца. Як расказалі карэспандэнту БЕЛТА ў Беларускім дзяржаўным інстытуце метралогіі (БелДІМ), каментуючы рашэнне Расійскай Федэрацыі з восені 2011 года не пераводзіць стрэлкі гадзінніка на гадзіну назад, у бліжэйшы час адбудзецца пасяджэнне міжгаліновай камісіі часу, частаты і вызначэння параметраў кручэння Зямлі Рэспублікі Беларусь, на якім будзе абмяркоўвацца гэтая тэма і падрыхтавана рашэнне. Гэтая камісія традыцыйна прымае рашэнне аб увядзенні летняга і зімовага часу ў Беларусі. Таму, як звычайна, у апошнюю нядзелю сакавіка ў гэтым годзе ў Беларусі стрэлкі гадзінніка будуць пераведзены на адну гадзіну наперад. А як будзе восенню - яшчэ павінна быць прынята рашэнне.
"У нас яшчэ ёсць час прыняць гэта рашэнне, але так хутка гэтае пытанне мы не вырашым, бо Расія да гэтага рыхтавалася два гады", - адзначылі спецыялісты БелДІМ.
У Расіі з восені гэтага года адменены пераход на зімовы час. Пра гэта заявіў прэзідэнт РФ Дзмітрый Мядзведзеў, даўшы адпаведнае даручэнне ўраду краіны. У Беларусі розніца з маскоўскім часам складае адну гадзіну.-0-
БЕЛТА
Эканоміі электраэнергіі ад пераходу Беларусі на зімовы час няма - Мінэнерг</blockquote>
10.2.20110 праглядаў