1 лютага, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Эксперымент па абмежаванні продажу пладова-ягадных він праходзіць у чатырох раёнах Віцебскай вобласці, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА намеснік начальніка ўпраўлення ўнутраных спраў Віцебскага аблвыканкама Уладзімір Папко. На працягу першага квартала гэтага года ў Гарадоцкім, Лёзненскім, Чашніцкім і Шаркаўшчынскім раёнах уведзены адзіны час рэалізацыі пладова-ягадных він ва ўсіх аб'ектах гандлю з 10.00 да 12.00 і з 14.00 да 18.00. Пасля завяршэння эксперыменту УУС, якое выступіла ініцыятарам прапановы, і ўпраўленне гандлю і паслуг Віцебскага аблвыканкама прааналізуюць аб'ёмы продажаў алкагольнай прадукцыі і крымінагенную абстаноўку ў гэтых раёнах, на аснове чаго разгледзяць магчымасць распаўсюджвання такой меры на ўсю вобласць. Нагодай для правядзення эксперыменту стала павелічэнне амаль на 10% колькасці грамадзян, якія загінулі ад выпадковага атручвання алкаголем. Аналіз прычын і ўмоў гэтай тэндэнцыі, праведзены супрацоўнікамі праваахоўных органаў, паказаў, што асноўнай прычынай смерці людзей ад атручвання алкаголем стала празмернае ўжыванне спіртных напояў, у большасці выпадкаў - пладова-ягадных він, набытых у аб'ектах гандлю вобласці. Мерапрыемствы па барацьбе з п'янствам і алкагалізмам у Віцебскай вобласці праводзіліся ў 2011 годзе пры рэалізацыі Дзяржаўнай праграмы нацыянальных дзеянняў па папярэджанні і пераадоленні п'янства і алкагалізму на 2011-2012 гады. Усяго за мінулы год на тэрыторыі рэгіёна з незаконнага абароту вынята 208,2 т спіртазмяшчальнай вадкасці, уключаючы самагон і брагу (у 2010 годзе - 180 т). За незаконны абарот алкагольнай прадукцыі да адміністрацыйнай адказнасці прыцягнуты 1022 грамадзяніна. Выяўлена і знішчана сем міні-заводаў па вытворчасці фальсіфікаваных алкагольных напояў, а таксама 98 самагонных апаратаў. У мэтах аператыўнага рэагавання на факты парушэнняў антыалкагольнага заканадаўства, незаконнай вытворчасці і рэалізацыі алкагольнай прадукцыі на базе палка патрульна-паставой службы міліцыі УУС працавала тэлефонная гарачая лінія "П'янству - не!", на якую паступіла 180 паведамленняў. Пацвердзілася з іх 25. У сродках масавай інфармацыі праведзена каля 400 выступленняў на антыалкагольную тэматыку.-0-

БЕЛТА