26 лістапада, Орша /Вольга Багачова - БЕЛТА. Экспертны савет пры Міністэрстве культуры Беларусі будзе дзейнічаць на ратацыйнай аснове. Аб гэтым заявіў сёння міністр культуры Павел Латушка падчас правядзення асабістага прыёму грамадзян у Оршы, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Па словах міністра, праект загаду Мінкультуры аб зацвярджэнні новага складу экспертнай камісіі знаходзіцца на фінальнай стадыі ўзгаднення. Па заканчэнні трох гадоў гэты склад кожны год будзе абнаўляцца на траціну. Гэта дазволіць выключыць кланавасць і групавую дамоўленасць. Праца камісіі стане максімальна празрыстай, упэўнены міністр. Павел Латушка таксама закрануў пытанне закупак твораў мастацтва ў мастакоў. У 2009 годзе міністэрства выдзеліла Br800 млн. для пагашэння запазычанасці мінулых гадоў перад мастакамі за адабраныя карціны для фондаў рэспубліканскіх і нацыянальных музеяў. У бягучым годзе фінансаванне складзе каля Br100 млн. У 2011 годзе на гэтыя мэты плануецца накіраваць Br200-300 млн.
Аб папаўненні фондаў абласных музеяў павінны клапаціцца мясцовыя ўлады, адзначыў міністр. У бліжэйшы час Мінкультуры будзе дадзена пісьмовае ўказанне ўсім абласным упраўленням культуры прадугледзець у бюджэце наступнага года сродкі на набыццё карцін беларускіх мастакоў.
Павел Латушка падкрэсліў, што дзяржаўная падтрымка і закупка твораў мастацтва будзе насіць адносны характар, і дадаў, што мастакі павінны самастойна вырашаць пытанні з продажам сваіх карцін. Разам з тым дзяржава будзе працягваць падтрымліваць самых таленавітых і выдатных майстроў, бо для краіны важна захаваць іх работы ў сваіх калекцыях.-0-
БЕЛТА
Экспертная рада пры Мінкультуры Беларусі будзе дзейнічаць на ратацыйнай аснове
26.11.20100 праглядаў