Экспарт медыцынскіх паслуг забяспечыць грамадзянам Беларусі якасную бясплатную меддапамогу - эксперт
6.12.20100 праглядаў
6 снежня, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Экспарт медыцынскіх паслуг дазволіць Беларусі развіваць высокатэхналагічную медыцыну і забяспечыць грамадзянам краіны якасную бясплатную меддапамогу. Такі пункт гледжання ў гутарцы з карэспандэнтам БЕЛТА выказаў начальнік упраўлення аховы здароўя Віцебскага аблвыканкама Юрый Дзеркач.
Тэмп росту экспарту медыцынскіх паслуг у Віцебскай вобласці за 11 месяцаў бягучага года склаў 200% да аналагічнага перыяду мінулага года. Медустановы вобласці аказалі замежным пацыентам паслуг больш чым на Br1 млрд. Значную колькасць замежных пацыентаў складаюць грамадзяне Расійскай Федэрацыі, Літвы і Латвіі. Часцей за ўсё яны звяртаюцца па дапамогу да кардыёлагаў, проктолагаў, стаматолагаў і акушэраў-гінеколагаў. Для зручнасці замежных пацыентаў у вобласці створаны медыцынскае турыстычнае бюро і спецыялізаваны сайт у Інтэрнэце, дзе кожны ахвотны можа азнаёміцца з рэестрам медыцынскіх паслуг, якія аказваюцца ў рэгіёне, іх коштам.
Як адзначыў Юрый Дзеркач, развіваць экспарт удалося дзякуючы абнаўленню матэрыяльна-тэхнічнай базы, набыццю сучаснага дыягнастычнага і лячэбнага абсталявання, асваенню ўрачамі найноўшых тэхналогій лячэння, якія раней прымяняліся толькі ў навукова-практычных цэнтрах. Такім чынам, у рэгіёне створана база для нарошчвання экспарту медыцынскіх паслуг, якая дазволіць зарабляць сродкі для далейшага развіцця медыцынскай галіны звыш нарматыўных сацыяльных стандартаў.
У цяперашні час медустановы вобласці рэалізуюць 7 бізнес-планаў. Адзін з іх, напрыклад, датычыцца закупкі высокатэхналагічнага абсталявання для кардыялагічнага аддзялення абласной бальніцы коштам 90 млн. еўра. Унікальны комплекс для інвазівнай хірургіі акупіцца на працягу 1,5-2 гадоў дзякуючы таму, што новымі тэхналогіямі платна змогуць скарыстацца замежныя пацыенты. Пры гэтым беларускім грамадзянам такія аперацыі будуць праводзіцца бясплатна.
Улічваючы попыт замежнікаў на асобныя віды медыцынскай дапамогі, упраўленне аховы здароўя мае намер у першым квартале 2011 года ўвесці ў строй пасля рамонту рэабілітацыйныя цэнтры для пацыентаў з захворваннямі сэрца і лёгкіх у Браславе, Барані (Аршанскі раён), Паставах. Упершыню ў вобласці ў Глыбокім пачала працаваць раённая стаматалагічная паліклініка, таксама разлічаная на прыём замежных пацыентаў. У наступным годзе медыкі вобласці маюць намер зарабіць на экспарце сваіх паслуг не менш Br15 млрд.-0-
БЕЛТА