19 чэрвеня, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Тэмп росту экспарту турыстычных паслуг у Віцебску ў студзені-маі бягучага года склаў 130%, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА начальнік аддзела фізічнай культуры, спорту і турызму Віцебскага гарвыканкама Дзмітрый Скарынкін. Колькасць турыстаў, якія прыязджаюць у Віцебск, расце з кожным годам. Значную частку з іх складаюць расійскія аматаPы падарожжаў, аднак усё больш становіцца гасцей з далёкага замежжа. Як лічыць Дзмітрый Скарынкін, свае плады прыносіць рэалізацыя Нацыянальнай праграмы развіцця турызму ў Рэспубліцы Беларусь і ў горадзе Віцебску на 2011-2015 гады. Турыстычныя кампаніі горада прымаюць актыўны ўдзел у выставах, форумах і конкурсах, якія спрыяюць больш шырокай рэкламе абласнога цэнтра. Прасоўванне турыстычнага прадукту на айчынны і замежны рынак забяспечваюць больш за 50 турыстычных фірмаў горада. Пры гэтым кожная імкнецца стварыць свой эксклюзіўны турысцка-экскурсійны маршрут па памятных, гістарычных і значных мясцінах. Стварэнню прывабнага турыстычнага іміджу горада спрыяе праца, якая праводзіцца па яго добраўпарадкаванні, аднаўленні гістарычных і архітэктурных славутасцяў, правядзенні культурна-масавых мерапрыемстваў, падкрэсліў Дзмітрый Скарынкін. У цяперашні час завяршаецца будаўніцтва набярэжнай уздоўж ракі Заходняя Дзвіна, што дазволіць павялічыць паркавую зону ў раёне мемарыяла Вялікай Айчыннай вайны на плошчы Перамогі. Працягваецца рэканструкцыя асноўнай пляцоўкі парку культуры і адпачынку імя Савецкай Арміі. Вядуцца падрыхтоўчыя работы па замене пяску на спартыўных пляцоўках зоны адпачынку поймы ракі Віцьба. У бліжэйшыя выхадныя 23 і 24 чэрвеня ў Віцебску пройдзе свята, прысвечанае 1038-годдзю заснавання горада. Па словах Дзмітрыя Скарынкіна, турыстычныя кампаніі прывязуць у горад нямала гасцей. Для іх і гараджан у Дні горада будзе разгорнута выстава турыстычных паслуг.-0-

БЕЛТА