26 жніўня, Віцебск /Алена Ціханава - БЕЛТА/. Экспарт турыстычных паслуг за першае паўгоддзе бягучага года ў Віцебскай вобласці склаў $8,4 млн., або 122,5% да задання, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА начальнік упраўлення фізічнай культуры, спорту і турызму Віцебскага аблвыканкама Міхаіл Партной.

Ён падкрэсліў, што па выніках 6 месяцаў станоўчае сальда турыстычных паслуг склала $7,7 млн. Дамагчыся такіх вынікаў у рэгіёне змаглі дзякуючы ўдасканаленню сістэмы кіравання і дзяржаўнага рэгулявання сферы турызму, кадраваму і вучэбна-метадычнаму забеспячэнню турыстычнай галіны па фарміраванні турправодзячай сеткі і стварэнню станоўчага іміджу нацыянальнага турыстычнага прадукту.

У вобласці распрацавана 422 турысцка-інфармацыйныя маршруты, у тым ліку 163 экалагічныя, дзейнічае 59 экалагічных сцежак. Па колькасці дзеючых маршрутаў Віцебская вобласць займае другое месца сярод рэгіёнаў рэспублікі. З 20 праектаў міжнароднай тэхнічнай дапамогі, якія прайшлі працэдуру адабрэння ў Савеце Міністраў, 13 рэалізуюцца на тэрыторыі Віцебскай вобласці - агульная сума фінансавання 5 млн. еўра.

Міхаіл Партной адзначыў, што Віцебская вобласць - адзіны рэгіён краіны, дзе турысцка-інфармацыйныя цэнтры дзейнічаюць ва ўсіх гарадах і раёнах (на базе аддзелаў адукацыі, спорту і турызму гаррайвыканкамаў - 10, фізкультурна-спартыўных цэнтраў - 2, фізкультурна-аздараўленчых клубаў - 9 і турыстычных арганізацый - 2).

У перыяд з 2011 года на тэрыторыі вобласці ўведзена 63 аб'екты прыдарожнага сэрвісу, 57 паляўнічых домікаў, на рэках і азёрах вобласці добраўпарадкавана 155 зон адпачынку, створаны 164 аграэкасядзібы. На рэалізацыю гэтых мерапрыемстваў асвоена Br325,4 млрд. У цяперашні час вядуцца работы на 19 аб'ектах прыдарожнага сэрвісу, 19 паляўнічых доміках і 12 зонах адпачынку.

Турыстычныя і экскурсійныя паслугі аказваюць 93 арганізацыі, экскурсійныя туры па рэспубліцы і рэгіёнах вобласці праводзяць 203 атэставаных экскурсаводы - гэта другі паказчык у рэспубліцы пасля горада Мінска.-0-

 

 

Навіны Беларусі (БЕЛТА)