25 студзеня, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Экспарт Віцебскай вобласці вырас за студзень-лістапад 2012 года ў параўнанні з аналагічным перыядам папярэдняга года ў 1,6 раза амаль да $3,6 млрд., паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў камітэце эканомікі Віцебскага аблвыканкама.

Імпарт за гэты перыяд павялічыўся на 25,6% да $5,2 млрд. Аб'ём знешняга гандлю вырас на 38,2% і дасягнуў $8,8 млрд. Пры гэтым за апошнія тры гады (студзень-лістапад 2010-2012 гадоў) аб'ём знешняга гандлю рэгіёну ўзрос у два разы.

Экспарт тавараў, вырабленых арганізацыямі камунальнай уласнасці і без ведамаснай падпарадкаванасці з мясцовай сыравіны (доля выкарыстаных у вытворчасці тавараў, сыравіны, матэрыялаў і паслуг замежнага паходжання складае менш за 20%), за адзінаццаць месяцаў мінулага года дасягнуў $428 млн. (на 24,8% вышэй за аналагічны ўзровень 2011 года) і склаў 17,5% аб'ёму экспарту тавараў гэтага сектара.

Станоўча ацэньваючы ў цэлым праведзеную працу прадпрыемстваў рэгіёну па развіцці экспартнай палітыкі, у аблвыканкаме абазначылі шэраг праблемных момантаў. У прыватнасці, у параўнанні з узроўнем папярэдняга года на 6,3% знізіліся замежныя пастаўкі ААТ "Полацк-Шкловалакно". Зніжэнне тэмпа росту і вартаснага аб'ёму экспарту адзначаецца таксама па ААТ "Нафтан". Сярод прадпрыемстваў, падпарадкаваных Міністэрству прамысловасці, ніжэй за мінулагодні ўзровень тэмп экспарту ў Аршанскага станкабудаўнічага завода "Чырвоны баец", ААТ "Вістан", ААТ "Тэхналіт-Полацк", Завода прыбораў аўтаматычнага кантролю, ААТ "Прыборабудаўнічы завод".

Тэмп экспарту тавараў арганізацый канцэрна "Беллегпрам" склаў 104,2%. За выключэннем Аршанскага льнокамбіната (115,5%), ААТ "Віцебскія дываны" (119%) і Віцебскага футравага камбіната (рост у 73 разы) прадпрыемствы канцэрна скарацілі тэмп экспарту ў параўнанні са студзенем-лістападам 2011 года на 15-50% альбо захавалі на тым жа ўзроўні.

Ніжэй мінулага года тэмп росту экспарту ў ААТ "Віцебскабллён". Арганізацыя значна скараціла пастаўкі льновалакна ў Кітай, Бельгію, Літву, спыніла адгрузку прадукцыі ў Латвію.