Экспазіцыя беларускіх паштовых марак "Welcome to Belarus" заняла першае месца на сусветнай выстаўцы марак "Сінгапур-2015", паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе Белпошты.

"Філатэлістычны матэрыял, які прадставіла беларуская пошта, быў высока ацэнены кампетэнтным журы. Наша краіна заваявала першае месца ў катэгорыі "В" (дзе прадстаўлены краіны, якія выпускаюць ад 30 да 69 марак у год). Усяго ў дадзеным класе было 30 калекцый з розных краін свету", - распавялі ў прэс-службе.

Выстаўка праходзіла ў найбуйнейшым выставачны цэнтры Сінгапура "Sands Expo&Convention Center". На яго пляцоўцы размясціліся стэнды 23 паштовых адміністрацый, а таксама 88 гандлёвых агентаў і прадстаўнікоў філатэлістычных выданняў і калекцыянераў з розных краін свету.

Усяго на выстаўцы экспанаваліся 543 калекцыі з розных краін свету ў 32 афіцыйных конкурсных класах. Беларускія маркі тут таксама карысталіся вялікім попытам. Філатэлісты з усяго свету набывалі выпускі на папулярныя тэмы: «Дзяржаўная сімволіка», «Нацыянальнае адзенне», «Рэлігія», "Флора і фаўна Беларусі".

Акрамя таго, падчас працы выстаўкі прадстаўнікі Белпошты правялі сустрэчы з калекцыянерамі, а таксама дасягнулі дамоўленасці аб магчымасці заключэння кантрактаў з прадстаўнікамі Кітая і Індыі.

Навіны Беларусі (БЕЛТА)