У Віцебску да 75-годдзя з дня вызвалення горада склалі электронную базу яго ганаровых грамадзян, паведаміла карэспандэнту БЕЛТА дырэктар Цэнтральнай гарадской бібліятэкі імя М.Горкага Алена Багаценнек.
Інфармацыйны рэсурс "Ганаровыя грамадзяне горада Віцебска" падрыхтаваў калектыў Цэнтральнай гарадской бібліятэкі імя М.Горкага (ЦГБ) на аснове даных са даведачнага і краязнаўчага фонду ЦГБ, электронных каталогаў Віцебскай абласной бібліятэкі і Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, інтэрнэт-рэсурсаў.
"Рэсурс уяўляе сабой камбінаваную базу даных краязнаўчай тэматыкі і змяшчае матэрыялы пра жыццё і дзейнасць грамадзян, удастоеных гэтага звання. Асноўная мэта яго стварэння - аддаць даніну павагі людзям, якія праславілі горад. У базу даных уключана 55 персон. Гэта людзі розных пасад, прафесій і званняў, якія ў свой час дамагліся выдатных вынікаў на розных нівах: у навуцы, культуры, адукацыі, медыцыне, прамысловасці, будаўніцтве, спорце", - падкрэсліла дырэктар бібліятэкі.
Рашэнне аб заснаванні звання "Ганаровы грамадзянін горада Віцебска" было падпісана 17 чэрвеня 1964 года ў гонар 20-й гадавіны з дня вызвалення горада ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Першымі гэтага звання былі ўдастоены героі Савецкага Саюза, удзельнікі вызвалення Віцебска Фёдар Блахін і Міхаіл Дружынін, кіраўнік партызанскага руху Мінай Шмыроў, удзельніца падполля і партызанскага руху Марыя Мацэнка. Усяго ў спісе ганаровых грамадзян Віцебска 30 удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны.
Сабраныя матэрыялы будуць цікавыя гісторыкам і краязнаўцам, работнікам культуры і мастацтва, педагогам устаноў адукацыі, студэнтам і школьнікам, усім, хто цікавіцца гісторыяй і сучасным жыццём Віцебска, пераканана Алена Багаценнек.
Рэсурс знаходзіцца на сайце бібліятэкі па адрасе www.pgv.cbsvit.by і будзе рэгулярна папаўняцца. Яго прэзентацыя адбудзецца 26 чэрвеня на святкаванні Дня горада.