Энергетыкі працягваюць работы па аднаўленні электразабеспячэння ў 82 населеных пунктах Віцебскай вобласці, паведамляе Telegram-канал РУП «Віцебскэнерга».

Энергетыкі працягваюць работы па аднаўленні электразабеспячэння ў 82 населеных пунктах Віцебскай вобласці, паведамляе Telegram-канал РУП «Віцебскэнерга».

З 29 снежня персанал філіялаў электрычных сетак РУП «Віцебскэнерга» працуе ў рэжыме павышанай гатоўнасці. Кругласутачна працавалі брыгады, ліквідуючы ў няпростых умовах надвор'я аварыйныя адключэнні, выкліканыя лядовым дажджом і моцным ветрам.

Найбольш пацярпелі з-за стыхіі Віцебскі, Аршанскі, Гарадоцкі і Лёзненскі раёны. У работах па ліквідацыі аварыйнай сітуацыі былі задзейнічаны брыгады ўсіх філіялаў электрычных сетак прадпрыемства, а таксама брыгады РУП «Мінскэнерга», ПМК-3, лясгасаў. Да вечара 31 снежня было адноўлена электразабеспячэнне больш чым 600 населеных пунктаў. Астатнія адключэнні былі ліквідаваны 1 студзеня.

Аднак 2 і 3 студзеня на тэрыторыі асобных раёнаў прайшоў моцны мокры снег з завірухай. Пад цяжарам наліплага снегу падалі і нахіляліся дрэвы, не вытрымлівалі нагрузкі правады і апоры ліній электраперадач. У выніку парушана электразабеспячэнне населеных пунктаў Верхнядзвінскага, Пастаўскага, Шаркаўшчынскага, Расонскага і Полацкага раёнаў. Для паскарэння правядзення аварыйна-аднаўленчых работ на дапамогу энергетыкам філіяла «Полацкія электрычныя сеткі» прыбылі калегі з РУП «Гроднаэнерга» і РУП «Мінскэнерга».

Сёння па стане на 12.00 працягваюцца работы па аднаўленні электразабеспячэння ў 82 населеных пунктах вобласці. У ліквідацыі наступстваў стыхіі задзейнічаны 34 брыгады ў складзе 97 чалавек, 33 адзінкі тэхнікі. Вядуцца аператыўныя пераключэнні, спажыўцоў запітваюць па рэзервовых схемах электразабеспячэння, для аднаўлення энергазабеспячэння насельніцтва выкарыстоўваюцца дызель-генератарныя ўстаноўкі.