Віцебшчына лічыцца радзімай беларускай энергасістэмы. Менавіта на тэрыторыі вобласці ў 1930 годзе быў узведзены першынец вялікай айчыннай энергетыкі – Беларуская ДРЭС. У гэты ж перыяд пабудаваны і першыя лініі электраперадачы. А вось самая першая прамысловая электрастанцыя з'явілася ў Віцебску яшчэ ў 1898 годзе. Яна прызначалася для харчавання трамвая і асвятлення цэнтра горада.
За гады станаўлення і развіцця Віцебскай энергасістэмы пабудаваны электрычныя станцыі ў Віцебску, Оршы, Полацку і Наваполацку.
Прыкладна ў сярэдзіне 60-х гадоў у Беларусі стаў адчувацца востры энергадэфіцыт, неабходна было нарошчваць магутнасці. Тады прынялі рашэнне аб будаўніцтве на беразе вялікага Лукомльскага возера новай электрастанцыі – Лукомльскай ДРЭС. І ў снежні 1969 года ў Дзень энергетыка быў паспяхова ўведзены ў эксплуатацыю першы блок 300 МВт, што вырашыла праблему электразабеспячэння Паўночна-Заходняга рэгіёна краіны.
Афіцыйнай датай стварэння Віцебскай энергасістэмы лічыцца 11 снежня 1962 года, калі ў адпаведнасці з загадам № 4 па Галоўным упраўленні энергетыкі і электрыфікацыі пры Савеце Міністраў Беларускай ССР у межах нашай вобласці было ўтворана Раённае ўпраўленне энергетыкі і электрыфікацыі Віцебскэнерго.
За мінулыя 60 гадоў энергасістэма Віцебшчыны прайшла вялікі шлях, стала фундаментам для развіцця прамысловасці рэгіёна, выгадавала дружны калектыў прафесіяналаў.
У зале сабраліся прадстаўнікі ўсіх структурных падраздзяленняў, кіраўніцтва прадпрыемства, ветэраны, людзі, чыя працоўная біяграфія звязана з найважнейшай галіной – энергетыкай.
– Можна з упэўненасцю сказаць, што традыцыі, якія былі закладзены дзесяцігоддзі таму, працягваюць жыць, працягваюць заставацца фундаментам для далейшага развіцця энергетыкі Віцебскай вобласці. За мінулыя гады ў рэгіёне праведзена каласальная праца: істотна павышана надзейнасць электрычных сетак, праведзена сур'ёзная мадэрнізацыя генеруючых крыніц, уведзены ў строй новыя сучасныя энергааб'екты.
У поспехах нашага прадпрыемства, безумоўна, ёсць доля намаганняў кожнага работніка. І тых, хто сёння знаходзіцца ў зале, і тых, хто зараз нясе працоўную вахту на сваім працоўным месцы. І, вядома ж, нашых паважаных ветэранаў, якія сваёй шматгадовай і самаадданай працай стварылі і сфарміравалі цяперашнюю энергасістэму.
Цяперашні час ― складаны і адказны, мы працуем у няпростых эканамічных умовах, пры гэтым плануем рэалізаваць шмат сур'ёзных праектаў. Наперадзе ў нас яшчэ нямала важных спраў. Няхай гэтая знамянальная дата стане чарговай прыступкай, адштурхоўваючыся ад якой мы павінны выйсці на абсалютна новыя гарызонты развіцця! – звярнуўся да прысутных генеральны дырэктар РВУП «Віцебскэнерга» Андрэй Панчанка і падзякаваў за сумленную, самаадданую працу, за кампетэнтнасць і адказнасць.
Толькі за 11 месяцаў 2022 года энергакрыніцамі прадпрыемства выпрацавана больш за 10 млрд кВт·г электраэнергіі, з іх 214 млн кВт·г выраблена на нашых «зялёных» аб'ектах – Віцебскай і Полацкай ГЭС.
– У жыцці ёсць даброты, якія нам здаюцца звыклымі, - цяпло, святло. Калі ж нешта адбываецца, пачынаем разумець, якое вялікае значэнне ўсё гэта мае, і ўспамінаць пра людзей, якія клапоцяцца пра камфорт і ўтульнасць у нашых дамах. Яны працуюць 24 гадзіны сем дзён на тыдзень, дэманструючы высокі прафесіяналізм і адказнасць. Ад імя ўсіх жыхароў вобласці, органаў улады хачу выказаць словы падзякі ўсім энергетыкам Віцебшчыны, – адзначыў старшыня абласнога Савета дэпутатаў Уладзімір Церанцьеў.
Кіраўнік дэпутацкага корпуса зачытаў сумесны прывітальны адрас аблвыканкама і абласнога Савета дэпутатаў і ўручыў Ганаровую грамату аблвыканкама дырэктару філіяла «Энергазбыт» Уладзіміру Філіпаву.
Ганаровымі граматамі абласнога Савета дэпутатаў узнагароджаны намеснік генеральнага дырэктара па збыце Павел Харытонаў і дырэктар філіяла «Віцебская ЦЭЦ» Аляксандр Станькоўскі.
Намеснік Міністра энергетыкі Міхаіл Міхадзюк зачытаў прывітанне міністра і ўручыў Ганаровую грамату Міністэрства энергетыкі Рэспублікі Беларусь намесніку генеральнага дырэктара па эканамічных пытаннях Аляксандру Яскевічу, Падзяка профільнага міністэрства аб'яўлена дырэктару філіяла «Лукомльская ГРЭС» Кірылу Мацарскаму.
Ганаровае званне дзяржаўнага вытворчага аб'яднання электраэнергетыкі «Белэнерга» «Ганаровы работнік Беларускай энергасістэмы» прысвоена старшаму машыністу 7 разраду катлатурбіннага цэха філіяла «Беларуская ГРЭС» Барысу Валаткевічу.
Шэрагу работнікаў прысвоены ганаровыя званні «Выдатнік Беларускай энергасістэмы» і «Ветэран Беларускай энергасістэмы».
Падарункам юбілярам стаў канцэрт лепшых творчых калектываў Віцебска. Свае мастацкія нумары падрыхтавалі і работнікі РВУП "Віцебскэнерга".
Крыніца: vitebsk-region.gov.by