13 сакавіка, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Ваданагравальнікі на сонечных батарэях, веладарожкі і мадэрнізаваная кацельная з'явяцца ў Полацку ў рамках плана ўстойлівага энергетычнага развіцця. Прэзентацыя праекта гэтага плана паспяхова прайшла сёння, паведаміла карэспандэнту БЕЛТА начальнік планова-эканамічнага аддзела КУП " ЖКГ г. Полацка" Анастасія Адамовіч. Полацк стаў першым беларускім удзельнікам Пакта мэраў - еўрапейскай кампаніі, якая аб'яднала гарады, што абавязаліся істотна зменшыць выкіды парніковых газаў да 2020 года, і ў сувязі з гэтым прыступіў да распрацоўкі плана ўстойлівага энергетычнага развіцця. Першая рабочая версія праекта была распрацавана экспертамі з іспанскай кампаніі "Біянет" і Інстытута энергетыкі НАН РБ. Іспанскія спецыялісты на падставе аналізу сітуацыі па спажыванні энергурэсурсаў і энергазберажэнні і вынікаў энергааўдыту дзесяці аб'ектаў Полацка, праведзеных спецыялістамі Інстытута энергетыкі НАН РБ, прапанавалі гораду план па скарачэнні выкідаў вуглякіслага газу. Для гэтага было прапанавана рэалізаваць мерапрыемствы па скарачэнні спажывання і стымуляванні выкарыстання аднаўляльных крыніц энергіі. У прыватнасці, энергазберагальныя мерапрыемствы могуць правесці ў камунальных і жылых будынках, сістэме гарадскога асвятлення, гарадскім і прыватным аўтатранспарце, на прадпрыемствах ЖКГ. Акрамя таго, эксперты прапанавалі шырэй выкарыстоўваць мясцовыя і аднаўляльныя крыніцы энергіі для вытворчасці электрычнасці. У прадстаўленым сёння праекце плана ўстойлівага развіцця вызначаны асноўныя аб'екты, на якія будуць накіраваны вылучаемыя сродкі тэхнічнай дапамогі. У прыватнасці, у горадзе будзе мадэрнізавана кацельная, да 2020 года будуць устаноўлены пяць ваданагравальнікаў, якія працуюць ад сонечнай энергіі, уцяплюць сцены і дахі будынкаў камунальнай уласнасці. На адной з гарадскіх вуліц у асвятленні будуць выкарыстоўвацца толькі святлодыёдныя свяцільні. Як адзначыла Анастасія Адамовіч, усе гэтыя аб'екты ўзгадняюцца з дзяржаўнай праграмай па энергазберажэнні. Яшчэ адным спосабам па зніжэнні выкідаў вуглякіслага газу еўрапейскія эксперты лічаць пашырэнне веласіпеднай сеткі. Для гэтага ў Полацку будзе распрацавана сістэма руху велатранспарту, якая будзе ўзгоднена з генеральным планам горада. На павышэнне энергаэфектыўнасці, энергазберажэнне і скарачэнне выкідаў вуглякіслага газу будзе накіравана тлумачальная праца сярод насельніцтва.