Варыянты супрацоўніцтва ў сферы энергетыкі разглядаліся падчас візіту ў Віцебск дэлегацыі Рэспублікі Зімбабвэ на чале з міністрам энергетыкі гэтай афрыканскай краіны спадаром Джулай Моё.
Як растлумачыў начальнік аддзела знешнеэканамічнай дзейнасці і міжнароднага супрацоўніцтва Міністэрства энергетыкі Беларусі Дзмітрый Лук'янін, у выніку дзелавой паездкі плануецца выпрацаваць кропкі дотыку, якія адпавядаюць інтарэсам абодвух бакоў. Джулай Моё азнаёміўся з магчымасцямі энергетычнай галіны вобласці, наведаў Віцебскую ГЭС, раён электрычных сетак, прадпрыемствы «Вітбудтэхмаш» і «Энергакомплект», дзе цікавіўся прадукцыяй і магчымасцю яе выкарыстання ў сваёй краіне.
Машынабудаўнічы завод «Вітбудтэхмаш», які з'яўляецца вядучым прадпрыемствам Беларусі па вытворчасці пад'ёмна-транспартнага абсталявання, вырабляе тэхніку для розных сфер дзейнасці, у тым ліку для энергетыкі. Прадстаўнікам Зімбабвэ паказалі навінкі, аналагаў якіх няма на тэрыторыі СНД. У прыватнасці, пад'ёмнік, аснашчаны перадавым абсталяваннем, якое спалучае ў сабе функцыі адразу некалькіх адзінак тэхнікі і прызначанае для вытворчасці пагрузачна-разгрузачных, будаўніча-мантажных, рамонтных і транспартных работ.
Зацікавіліся прадстаўнікі афрыканскай краіны і кабельна-правадніковай прадукцыяй, якую выпускае вытворчае аб'яднанне «Энергакомплект». У кола яго спажыўцоў уваходзяць прадпрыемствы розных галін прамысловасці: энергетыкі, нафтагазавай галіны, будаўнічай індустрыі, горназдабыўной прамысловасці, транспартнай сферы.
– Краіны далёкай дугі на сённяшні момант – адзін з перспектыўных вектараў развіцця нашага прадпрыемства, таму мы разглядаем Афрыку і Усходнюю Азію як напрамак, у якім мы будзем працаваць у бліжэйшыя пяць-дзесяць гадоў, – падкрэсліў генеральны дырэктар кампаніі Андрэй Аўко. – Гарызонты вялікія. Развівацца гэтыя краіны будуць апярэджваючымі тэмпамі.
Кіраўнік прадпрыемства дадаў, што неабходна прапрацаваць лагістыку і іншыя аспекты, якія зрабілі б супрацоўніцтва больш выгадным. Магчыма, трэба выходзіць на міжурадавыя пагадненні, такія як у нашай краіны з В'етнамам, дзе адмянілі ўвазныя мытныя пошліны, або з Аб'яднанымі Арабскімі Эміратамі, дзе яны пакрокава будуць зніжацца.
А якасць сваёй прадукцыі «Энергакамплект» гарантуе. Вырабленыя тут кабелі і правады вытрымаюць і афрыканскую спёку, і паўночныя маразы.