9 лютага, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Энергаёмістасць ВУП Беларусі па выніках 2006-2010 гадоў знізілася больш чым на 26% у адпаведнасці з прагнозным паказчыкам на пяцігоддзе. Аб гэтым сёння паведаміў дырэктар дэпартамента па энергаэфектыўнасці Дзяржстандарту Леанід Шэнец на міжнароднай выстаўцы-канферэнцыі "Энергарэсурсазберагальныя тэхналогіі, абсталяванне і матэрыялы" у Віцебску, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Мы забяспечылі выкананне прагнозных паказчыкаў на пяцігодку, хоць гэты перыяд быў складаным, асабліва 2010 год, калі з-за неспрыяльных умоў надвор'я і нізкіх тэмператур у студзені-лютым адзначалася павелічэнне спажывання цеплавой энергіі, а таксама адбівалася нізкая загрузка магутнасцей прамысловых прадпрыемстваў", - адзначыў Леанід Шэнец. Таксама забяспечана выкананне задання па замяшчэнні імпартуемых відаў паліва і павелічэнні долі ўласных рэсурсаў. Па выніках 2010 года доля мясцовых відаў паліва ў паліўна-энергетычным балансе Беларусі склала 20,6%.
У 2010 годзе за кошт выканання энергазберагальных мерапрыемстваў у Беларусі зэканомлена амаль 1,47 млн. т.у.т., пры гэтым каля 30% эканамічнага эфекту атрымана за кошт мадэрнізацыі вытворчасці і ўкаранення энергазберагальных тэхналогій. Разам з тым яшчэ ёсць недапрацоўкі - неабходна паскараць укараненне тэхналагічных рашэнняў у энергазберажэнні, трэба паскоранымі тэмпамі вырашаць праблему звышнарматыўных страт у цеплавых сетках, лічыць Леанід Шэнец. Таксама вялікі аб'ём працы трэба выканаць па мадэрнізацыі энергетычнай галіны. Сёння на атрыманне цяпла і электраэнергіі ў сістэме "Белэнерга" траціцца каля 15 млн. т.у.т., таму мадэрнізацыя энергетычнай галіны, укараненне энергазберагальных тэхналогій таксама дасць магчымасць атрымаць значны эканамічны эфект, дадаў ён.-0-
БЕЛТА
Энергаёмістасць ВУП Беларусі па выніках 2006-2010 гадоў знізілася больш чым на 26%
9.2.20110 праглядаў