3 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Энергазабеспячэнне ў пацярпелых ад снегападу населеных пунктах Віцебскай і Мінскай абласцей цалкам адноўлена. Пра гэта паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў прэс-службе беларускага ўрада. "Па стане на 16.20 усе наступствы снегападаў у гэтых рэгіёнах устранены", - адзначылі ў прэс-службе. Як паведамлялася, у шэрагу раёнаў Віцебскай і Мінскай абласцей 1-2 студзеня ў выніку стыхійных прыродных з'яў (моцныя ападкі ў выглядзе мокрага снегу і ветру) спынялася энергазабеспячэнне значнай колькасці спажыўцоў. Усяго за два дні студзеня аварыйным адключэннем былі ахоплены 2410 трансфарматарных падстанцый, 1140 населеных пунктаў, 69 жывёлагадоўчых ферм. Для ліквідацыі наступстваў стыхіі электразабеспячальнымі арганізацыямі Міністэрства энергетыкі была арганізавана кругласутачная праца рамонтнага персаналу. Усяго было задзейнічана больш за 800 чалавек, 198 брыгад, 264 адзінкі тэхнікі (вышкі, снегаачышчальная тэхніка, пазадарожнікі). Правядзенне аднаўленчых работ моцна ўскладнялася высокім снежным покрывам, які дасягаў 60-70 см, а ў асобных месцах і больш за 1 метра, заваламі дрэў, што абрынуліся пад цяжарам снегу на лініі электраперадач. Каардынацыю ўсіх аднаўленчых работ узначальваў аператыўны штаб, створаны ў Міністэрстве энергетыкі.-0-

БЕЛТА