19 снежня, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Епіскапскі суд Віцебскай каталіцкай епархіі аднавіў працу, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА біскуп Віцебскага дыяцэзу Уладзіслаў Блін. Епіскапскі суд складаецца з пяці суддзяў (святароў епархіі), натарыуса і абаронцы сужэнскага саюза. У яго кампетэнцыю ўваходзяць пераважна пытанні, якія тычацца скасавання заключаных царкоўных шлюбаў. Уладзіслаў Блін нагадаў, што каталіцкая царква ніколі не прызнавала разводаў і не разводзіць сужэнцаў. Аднак у жыцці бываюць сітуацыі, калі царкоўны шлюб па нейкіх прычынах не адбыўся. У такіх выпадках епіскапскі суд пасля дэталёвага разгляду ўсіх абставін можа прызнаць яго несапраўдным і даць дазвол на заключэнне новага саюза, прызнанага царквой. Для прыняцця такога рашэння вывучаецца велізарны аб'ём інфармацыі, якая тычыцца жыцця сужэнцаў, у тым ліку дакументы, прыцягваюцца сведкі і псіхолаг-эксперт. Падставай для прызнання шлюбу несапраўдным можа паслужыць важная для другога сужэнца, але схаваная да вянчання інфармацыя, якая тычыцца фізічнага або псіхічнага здароўя яго выбранака, факты здрады, сямейнага гвалту, падману, якія ўплываюць на свабоду выбару. Таксама важкай падставай з'яўляецца даказаная адсутнасць клопату аб дзецях.