ЕС прапануе Беларусі падпісаць пагадненні аб спрошчэнні візавага рэжыму і аб рэадмісіі ў студзені 2020 года ў Брусэлі (Бельгія). Пра гэта гаворыцца ў паведамленні прэс-службы Еўрапейскай службы знешніх дзеянняў па выніках пасяджэння каардынацыйнай групы Беларусь - ЕС, інфармуе БЕЛТА.
Васьмое пасяджэнне каардынацыйнай групы Беларусь - ЕС адбылося 17-18 снежня ў Брусэлі. Дэлегацыя ЕС пацвердзіла адкрытасць да далейшага развіцця адносін з Беларуссю. Адным з ключавых пытанняў на парадку дня былі пагадненні аб спрошчэнні візавага рэжыму і рэадмісіі. Беларусь і ЕС абмеркавалі заключныя крокі, неабходныя для падпісання і ўступлення ў сілу пагадненняў. Пасля падпісання абодва пагадненні павінны будуць прайсці працэдуру ратыфікацыі ў Еўрапейскім парламенце і Нацыянальным сходзе Беларусі.
У ЕС нагадалі, што кошт шэнгенскіх віз для грамадзян Беларусі вырасце да 80 еўра з 2 лютага 2020 года. Але пасля ўступлення ў сілу пагаднення аб спрошчэнні візавага рэжыму кошт "шэнгенскай" візы для беларусаў знізіцца да 35 еўра. Прадугледжаны і шэраг іншых паслабленняў.
Каардынацыйная група Беларусь - ЕС правяла сваё першае пасяджэнне ў красавіку 2016 года. Гэты фармат створаны для структураванага дыялогу па ўсім спектры пытанняў узаемадзеяння паміж Беларуссю і Еўрасаюзам. Пасяджэнні праходзяць раз на паўгода. Удзел у іх прымаюць прадстаўнікі Еўрапейскай камісіі, Еўрапейскай службы знешніх дзеянняў, профільных органаў дзяржаўнага кіравання Беларусі.
Як паведамлялася раней, Савет ЕС зацвердзіў рашэнне аб падпісанні з Беларуссю пагаднення аб палягчэнні візавага рэжыму. У верасні Беларусь завяршыла ўнутрыдзяржаўныя працэдуры па пагадненнях з Еўрапейскім саюзам. Кіраўніком дзяржавы было прынята рашэнне аб падпісанні пагадненняў з ЕС аб спрошчэнні выдачы віз і аб рэадмісіі. Гэтаму кроку папярэднічаў дастаткова складаны і працяглы па часе перамоўны працэс з Еўрапейскім саюзам, па выніках якога выпрацаваны ўзаемапрымальныя тэксты, што ў найбольш поўнай меры ўлічваюць інтарэсы абодвух бакоў.-0-