Эстафета агню II Еўрапейскіх гульняў "Полымя міру" пачала свой шлях па Віцебскай вобласці, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Паўночны рэгіён прыняў эстафету ад Гродзенскай вобласці. Першым аб'ектам, які наведаў агонь II Еўрапейскіх гульняў, стала кандытарская фабрыка "Віцьба", затым ён прайшоў па ТАА "Марка".

Першым факеланосцам стала першы намеснік міністра культуры Беларусі Наталля Карчэўская. "Ужо хутка наша краіна стане месцам вялізнага свята - не толькі спартыўнага, але і культурнага. Мяне перапаўняе гонар, што я пранясу агонь II Еўрапейскіх гульняў у культурнай сталіцы Беларусі Віцебску", - адзначыла Наталля Карчэўская.

Віцебская вобласць дэлегавала ў склад зборнай больш за 30 сваіх прадстаўнікоў. "Ва ўсіх у іх ёсць відавочны патэнцыял і чэмпіёнскі характар. Няма сумневу, што ў Мінску яны выступяць годна, прадэманструюць пераможны настрой і сваімі дасягненнямі ўпішуць яркую старонку ў гісторыю Гульняў", - падкрэсліў на цырымоніі старшыня Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў Уладзімір Цярэнцьеў.

Факел з агнём II Еўрапейскіх гульняў пабываў практычна ва ўсіх знакавых аб'ектах горада, у тым ліку каля гарадской ратушы, Свята-Успенскага кафедральнага сабора, дома-музея Марка Шагала.

Агонь II Еўрапейскіх гульняў па вуліцах Віцебска пранеслі людзі, добра вядомыя не толькі ў горадзе, але і за межамі Беларусі. Сярод іх - знакамітыя спартсмены, дзеячы культуры і мастацтва, вядомыя ўрачы і грамадскія дзеячы, лепшыя прадстаўнікі самых розных прафесій, сярод якіх народная артыстка Беларусі Святлана Акружная, заслужаны майстар спорту, сярэбраны прызёр Алімпіяды 1980 года Ігар Каныгін, генеральны дырэктар СТАА "Марка" заслужаны работнік прамысловасці Беларусі Мікалай Мартынаў, алімпійская чэмпіёнка Ірына Крыўко.

"Будучы яшчэ ў Рыме, калі адным з першых запальваў агонь, не думаў, што, калі прывязем яго ў Беларусь, гэта будзе настолькі грандыёзная і маштабная падзея. Нас так радасна сустракалі. Але самае прыемнае, што полымя наведала мой родны Віцебск", - прызнаўся алімпійскі чэмпіён па скачках на батуце Уладзіслаў Ганчароў.

Маршрут эстафеты стартаваў з плошчы Свабоды і фінішаваў на плошчы Перамогі. Тут гасцей урачыстасці чакала канцэртная праграма.