Бабініцкі псіханеўралагічны дом-інтэрнат для састарэлых і інвалідаў невыпадкова стаў базай правядзення абласнога навучальнага семінара для кіраўнікоў аналагічных сацыяльных устаноў. Другі год запар ён трымае пальму першынства ў рэспубліцы сярод 92 дамоў-інтэрнатаў. Дзе, як не тут, калегам павучыцца стварэнню дружалюбнага асяроддзя? Гэта неабходна, каб забяспечыць персаналізацыю, выкарыстанне альтэрнатыўнай і дадатковай камунікацыі сярод пражываючых.

– Ужо ў ліпені ўвойдуць у сілу змяненні ў заканадаўстве па пытаннях сацыяльнага абслугоўвання, – нагадала намеснік старшыні камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне аблвыканкама Вера Астапенка. – У прыватнасці, дамы-інтэрнаты пераймянуюць у сацыяльныя пансіянаты. Гэта абумоўлена тым, што лад жыцця ў дамах-інтэрнатах у апошнія гады вельмі змяніўся, умовы пражывання наблізіліся да хатніх і санаторных. Пашырыліся функцыі ўстаноў, у іх працу шырока ўкараняюцца новыя напрамкі і тэхналогіі: прафілактыка дэменцыі, рэабілітацыя, абілітацыя, сацыяльны перадых для сем'яў.

Сапраўды, у сучасных дамах-інтэрнатах забяспечваюцца годныя ўмовы пражывання, паўнавартаснае харчаванне, кругласутачны догляд, медыцынская дапамога, даступнае асяроддзе, адпачынак. Выпрацаваны механізмы вырашэння ўсіх пытанняў жыццезабеспячэння і побыту. Настаў час выходзіць на новы ўзровень якасці знаходжання пражываючых у сацыяльных установах.

Думка, чырвонай ніткай якая праходзіла на абласным семінары, заключалася ў тым, каб на першае месца арганізацыі жыццёвай прасторы падапечных будучых сацыяльных пансіянатаў ставіліся эстэтыка, якасць абслугоўвання: прадметы, якія іх атачаюць, захоўваючы свой функцыянал, павінны быць прыгожымі і сучаснымі.