21 кастрычніка, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Эстонскі інвестар плануе накіраваць на будаўніцтва трох гандлёва-забаўляльных цэнтраў у Віцебску каля $9,5 млн. Пратакол намераў па рэалізацыі праекта паміж Віцебскім гарвыканкамам і эстонскай кампаніяй Euro Petrol System падпісаны сёння на міжнародным інвестыцыйным форуме ў Віцебску, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Па словах афіцыйнага прадстаўніка інвестара Віктара Вярхоўскага, эстонская кампанія мае намер узвесці шматфункцыянальныя цэнтры з развітой інфраструктурай на пляцоўках у новых жылых мікрараёнах Віцебска. Наступным этапам рэалізацыі намераў будзе заключэнне інвестыцыйнага дагавора з аблвыканкамам, пасля чаго інвестар мяркуе ўвасобіць у жыццё праект на працягу 1,5-2 гадоў.
Акрамя таго, падчас форуму падпісаны пратакол намераў аб супрацоўніцтве паміж Докшыцкім райвыканкамам і англійскай кампаніяй "Корвін Корус" па пытаннях прыцягнення інвестыцый, тэхналогій і рэалізацыі сумесNых праектаў у дрэваапрацоўцы. Полацкі райвыканкам і фірма "Турал К" (Азербайджан) маюць намер узаемадзейнічаць па праекце будаўніцтва ў беларускім рэгіёне завода па вытворчасці гіпсакардону з планаваным аб'ёмам інвестыцый у 800 тыс. еўра.
Міжнародны інвестыцыйна-інавацыйны форум "Інвестыцыйныя ініцыятывы Віцебскай вобласці" праходзіць у Віцебску 21-22 кастрычніка з удзелам дэлегацый і прадстаўнікоў дзесяці краін. Мерапрыемства заклікана актывізаваць працэсы супрацоўніцтва паміж рэгіёнамі, гарадамі, суб'ектамі гаспадарання, спрыяць нарошчванню экспартнага і інвестыцыйнага патэнцыялу, садзейнічаць рэалізацыі сумесных інвестыцыйных праектаў. Арганізатарам форуму выступае Віцебскі аблвыканкам.-0-
БЕЛТА
Эстонскі інвестар плануе ўзвесці ў Віцебску тры гандлёва-забаўляльных цэнтры за $9,5 млн.
21.10.20110 праглядаў