4 студзеня, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Ефрасіння і Альгерд нарадзіліся ў Віцебску ў 2011 годзе. Дзеці, названыя вядомымі, але рэдкімі імёнамі, могуць пахваліцца сваёй унікальнасцю: яны адзіныя, хто атрымаў у мінулым годзе ў абласным цэнтры імёны гэтых вядомых кожнаму беларусу гістарычных асоб, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў аддзеле ЗАГС Віцебскага гарвыканкама.
Маленькі Альгерд з'явіўся ў сям'і акцёраў Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа, а Ефрасіння, імя якой азначае "радасць" і "весялосць", цешыць цяпер сваімі першымі поспехамі працаўнікоў гандлю і Віцебскага мясакамбіната.
У мінулым годзе многія новаспечаныя бацькі Віцебска пастараліся даць сваім дзецям рэдкія, запамінальныя імёны. Так, у абласным цэнтры падрастаюць Архіп, Елізар, Астап, Валянцін, Стэфан, Нікіфар, Кліменцій, Светагор, Дзям'ян, Саўва, Мітрафан, Ярамір, Даніэль, Усевалад, Леў, Эміль, Мірон, Сямён, Анжаліка, Яніна, Яраслава, Таісія, Ніна, Раіса, Марыка, Інеса, Ірміна, Інга, Дзіна, Агата, Ія, Марта, Ясенія, Усціна, Альбіна, Ліла, Эмілія, Агрыпіна, Амелія, Рада, Міра, Эрыка, Ільяна, Дарыянна, Віталіна, Алівiя, Ніколь, Дана, Элеанора, Арыянна. Наўрад ці гэтым дзецям у будучыні трапяцца аднагодкі з аналагічнымі імёнамі.
Самымі папулярнымі жаночымі імёнамі ў мінулым годзе ў Віцебску сталі Дар'я, Марыя, Сафія, Ксенія і Анастасія. Сярод мужчынскіх імёнаў у модзе апынуліся Арцём, Іван, Максім, Мікіта і Данііл. Магчымасцю назваць сваіх дзяцей падвойнымі імёнамі бацькі Віцебска ў 2011 годзе не скарысталіся.
За студзень-лістапад гэтага года ў Віцебскай вобласці нарадзіліся 11295 дзяцей - на 55 малых менш, чым за аналагічны перыяд мінулага года.-0-
БЕЛТА
Еўфрасіння і Альгерд нарадзіліся ў 2011 годзе ў Віцебску
4.1.20120 праглядаў