15 ліпеня, Віцебск /Дзіяна Курыла - БЕЛТА/. Яўген Славіч хоча быць прыкладам для сваіх вучняў і спадзяецца, што хто-небудзь з іх таксама выступіць на міжнародным конкурсе выканаўцаў эстраднай песні "Віцебск" на "Славянскім базары". Пра гэта малады конкурсны выканаўца распавёў карэспандэнту БЕЛТА адразу пасля свайго выступлення ў першы конкурсны дзень. Яўген працуе ў Чэрвеньскай школе мастацтваў педагогам па вакале, і пакуль яго вучні на канікулах - удзельнічае ў конкурсе. "Хачу быць прыкладам для іх. Спадзяюся, што яны за мяне хварэюць і ўпэўнены, што хто-небудзь з іх праз некалькі гадоў таксама прыме ўдзел у гэтым прэстыжным конкурсе", - сказаў ён. Абаяльны і адкрыты Яўген не хаваў, што першае выступленне аказалася няпростым. "Хваляваўся моцна, сцэна такая вялікая. Але дзякуючы падтрымцы публікі гэта хваляванне хутка прайшло. Выступленнем цалкам задаволены і ў другі дзень - з аркестрам выступлю на ўсе сто", - запэўніў ён. Сёння малады спявак на сцэне Летняга амфітэатра ў суправаджэнні Нацыянальнага акадэмічнага канцэртнага аркстра пад кіраўніцтвам Міхаіла Фінберга выканае песню "Памяці музыканта", напісаную яго педагогам па вакале Аленай Атрашкевіч. "Гэтая песня прысвячаецца ўсім музыкантам: і тым, каго ўжо няма з намі, і тым, хто побач з намі - нашым настаўнікам", - адзначыў ён. Яўгену Славічу (сапраўднае прозвішча Даліч) 23 гады. Ён скончыў Мінскі дзяржаўны каледж мастацтваў - аддзяленне эстраднага майстэрства. У цяперашні час з'яўляецца студэнтам Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў і выкладае ў Чэрвеньскай школе мастацтваў, супрацоўнічае з прадзюсарскім цэнтрам "Спамаш". Яўген з 14 гадоў прымае ўдзел у канцэртах. Малады чалавек уваходзіў у склад ансамбля "Vivat", з якім выступаў на сцэнах Палаца Рэспублікі і Белдзяржфілармоніі. Яўген - лаўрэат III прэміі IX Рэспубліканскага конкурсу эстрадных выканаўцаў "Белазаўскі акорд" (Беларусь, 2010), лаўрэат III прэміі рэспубліканскага конкурсу маладых выканаўцаў эстраднай песні XI Нацыянальнага фестывалю беларускай песні і паэзіі "Маладзечна-2011", лаўрэат рэспубліканскага творчага конкурсу "Маладыя таленты Беларусі". Па выніках першага дня конкурсу выканаўцаў эстраднай песні Славіч увайшоў у пяцёрку наймацнейшых, саступіўшы лідарам пяць балаў.-0-

БЕЛТА