15 ліпеня, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Прадстаўнік Беларусі на міжнародным конкурсе выканаўцаў эстраднай песні "Віцебск-2012" Яўген Славіч увайшоў у пяцёрку наймацнейшых пасля першага этапу спаборніцтва, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
У першы дзень конкурсу 14 ліпеня маладыя таленты на сцэне Летняга амфітэатра выконвалі пад фанаграму "мінус адзін" песню на роднай мове. Яўген Славіч спяваў твор беларускіх аўтараў на рускай мове "Берега". Яго выступленне кампетэнтнае журы на чале са старшынёй - кампазітарам Максімам Дунаеўскім ацаніла ў 88 балаў з 110 магчымых.
Лідэрамі першага дня сталі Бабан Мойсоўскі з Македоніі і Саманта Ціна з Латвіі. У абодвух выканаўцаў па 93 балы. Следам ідуць Федэрыка Марынарыа з Італіі і Галіна Конах з Украіны, якія атрымалі 91 бал кожная. У расіянкі Анастасіі 81 бал. Бландзінка-сібірачка ўзначаліла другую дзясятку конкурсантаў.
На гэты раз віцебская публіка сышлася з журы ў ацэнцы большасці конкурсантаў. Аднак усе заўважылі строгае стаўленне старшыні да пачаткоўцаў артыстаў. Мэтр быў скупы на высокія ацэнкі, выставіўшы васьмёркі ўсяго чацвярым выканаўцаў з дваццаці. За кулісамі карэспандэнт БЕЛТА пацікавіўся ўражаннямі Максіма Дунаеўскага аб канкурсантах і пачуў у адказ: "Спадабаліся ўсе, але не ўсе аднолькава выступаюць".
Усе кропкі над "i" расставіць (а можа быць, унясе яшчэ большую інтрыгу) сённяшні дзень. Увечары ў Летнім амфітэатры ў суправаджэнні Нацыянальнага канцэртнага аркестра Беларусі пад кіраўніцтвам маэстра Міхаіла Фінберга канкурсанты выканаюць эстрадную песню кампазітара славянскай краіны на адной са славянскіх моў.
У гэтым годзе ў конкурсе прымаюць удзел 20 канкурсантаў з 20 краін. Па выніках двух дзён удзельнікам конкурсу будуць прысуджаны прызы і прэміі. Лаўрэатам конкурсу будуць уручаны спецыяльныя прызы "Ліра" і дыпломы ўладальніка адпаведнай прэміі. Уладальнік Гран-пры атрымае $15 тыс., 1-й прэміі - $9 тыс., 2-й прэміі - $6 тыс., 3-й прэміі - $3 тыс. У журы ёсць права Гран-пры не прысуджаць, і такія выпадкі ў больш чым 20-гадовай гісторыі конкурсу былі, таму інтрыга захаваецца да цырымоніі ўзнагароджання, прызначанай на 16 ліпеня.-0-
БЕЛТА
Яўген Славіч увайшоў у пяцёрку наймацнейшых пасля першага дня конкурсу "Віцебск-2012"
15.7.20120 праглядаў