22 лістапада, Верхнядзвінск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Еўразійская эканамічная інтэграцыя прынясе бясспрэчныя выгады беларускім прадпрыемствам перапрацоўчай галіны. Упэўненасць у гэтым у гутарцы з карэспандэнтам БЕЛТА выказаў дырэктар ААТ "Верхнядзвінскі масласырзавод" Пётр Лаўрынаў. На яго думку, стварэнне Еўразійскага саюза замацуе за беларускімі экспарцёрамі расійскія і казахстанскія рынкі і дазволіць стабільна працаваць. "Ёмістасць айчыннага рынку мясамалочнай прадукцыі абмежаваная, а магчымасці рынкаў партнёраў па Адзінай эканамічнай прасторы велізарныя, да таго ж умовы працы на іх знаёмыя і зразумелыя", - падкрэсліў Пётр Лаўрынаў. Напрыклад, для Верхнядзвінскага масласырзавода, які экспартуе 60% прадукцыі, асноўнымі замежнымі пакупнікамі з'яўляюцца Расія і Казахстан. Попыт на беларускую прадукцыю будзе расці, прагназуе суразмоўца. "Меры, якія некалькі гадоў таму былі прыняты дзяржавай па тэхнічным пераўзбраенні малочнай галіны і падтрымцы сельскай гаспадаркі, дазваляюць айчынным перапрацоўшчыкам упэўнена адчуваць сябе на агульным рынку і не баяцца канкурэнцыі. Беларускія прадпрыемствы па сваім тэхнічным пераўзбраенні адпавядаюць заходнееўрапейскім патрабаванням, таму попыт на іх прадукцыю велізарны", - дадаў ён. Попыт у сваю чаргу пацягне нарошчванне аб'ёмаў вытворчасці, а гэта ў выніку адаб'ецца на росце заработнай платы работнікаў прадпрыемстваў. Верхнядзвінскі масласырзавод вядзе гісторыю з 1932 года. Прадпрыемства акцыянавана ў 1999 годзе, яго заснавальнікам з'яўляецца Віцебскі аблвыканкам. Дзяржаве належыць 95,3% акцый. Завод спецыялізуецца на вытворчасці цвёрдых сычужных сыроў, сметанковага масла і сухой сыроваткі. Па выніках працы за студзень-кастрычнік 2011 года прадпрыемства экспартавала прадукцыі амаль на $17 млн, што на 37,7% больш чым у студзені-кастрычніку 2010-га. Да канца года прадпрыемства мае намер экспартаваць прадукцыі на $20 млн. Пры гэтым станоўчае сальда знешнегандлёвай дзейнасці папярэдне ацэньваецца ў $18 млн.-0-

БЕЛТА