5 верасня, Гродна /Алена Стасюкевіч - БЕЛТА/. У Воранаўскім раёне ствараецца Іўдзейскі культурна-гістарычны цэнтр імя Хафеца Хаіма. Аб гэтым паведамілі сёння журналістам падчас сустрэчы кіраўніцтва Гродзенскага аблвыканкама з міністрам турызму Ізраіля Стасам Місежнікавым і Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Ізраіля ў Беларусі Іосіфам Шагалам, перадае карэспандэнт БЕЛТА. Ідэя стварэння каля вёскі Радунь у Воранаўскім раёне цэнтра са спадчынай рабіна пачала актыўна абмяркоўвацца ў 2010 годзе пасля сустрэчы кіраўніцтва вобласці з прадстаўнікамі ізраільскай кампаніі "Марэшэт Хафе Хаім". Пасля праведзеных перамоваў у чэрвені бягучага года падпісаны пратакол аб намерах, які прадугледжвае пакрокавы графік рэалізацыі інвестпраекта. На дадзены момант інтарэсы Ізраіля прадстаўляе кансалтынгавая кампанія ТАА "Арцынгер і К". Ізраільскі бок зарэгіструе юрыдычную асобу на тэрыторыі Воранаўскага раёна і падрыхтуе інвестдагавор, пачнецца рэалізацыя праекта. Гродзенскі аблвыканкам зацікаўлены ў ажыццяўленні праекта і гатовы вылучыць зямельны ўчастак, прылеглы да могілак, дзе пахаваны Хафец Хаім, а таксама аказаць усялякае садзейнічанне інвестару. Радунь можа стаць папулярным месцам настальгічнага турызму. Вёску Радунь Воранаўскага раёна называюць іўдзейскай "Меккай" у Беларусі, бо тут знаходзіцца ешыва Хафеца Хаіма, духоўнага лідара Польшчы і Расіі канца XIX - пачатку XX стагоддзяў. Дом, у якім жыў вядомы іўдзейскі філосаф і прапаведнік, не захаваўся - ён быў разабраны і вывезены ў ЗША. Аднак сінагога, дзе правёў большую частку жыцця прапаведнік, пераабсталявана ў Дом культуры. У межах інвестпраекта плануецца аднавіць гэты помнік менавіта як адно са святых месцаў для іўдзеяў.-0-

БЕЛТА