18 красавіка, Кіеў /Людміла Сцепанава - БелаПАН/. Еўрапейская камісія выдзеліць дадаткова 110 млн. еўра на завяршэнне будаўніцтва аб'екта "Укрыццё" Чарнобыльскай АЭС. Пра гэта заявіў сёння прэзідэнт Еўракамісіі Жазэ Мануэль Барозу па выніках перамоваў у Кіеве з прэзідэнтам Украіны Віктарам Януковічам, паведамілі карэспандэнту БелаПАН у прэс-службе кіраўніка ўкраінскай дзяржавы.
Афіцыйна аб памеры унёску будзе абвешчана падчас Чарнобыльскай данорскай канферэнцыі, якая адкрываецца 19 красавіка ва ўкраінскай сталіцы. Кіраўніцтва Украіны разлічвае, што на гэтай канферэнцыі будзе сабрана большая частка сродкаў з 740 млн. еўра, якіх не хапае для дабудовы аб'екта "Укрыццё" і правядзення ўсіх работ, што гарантуюць бяспечную эксплуатацыю ЧАЭС. ЕС з'яўляецца асноўным донарам у пытаннях фінансавання праекта "Укрыццё".
У Кіеве з 19 па 22 красавіка будуць праходзіць мерапрыемствы міжнароднага маштабу, прымеркаваныя да 25-й гадавіны чарнобыльскай трагедыі: Чарнобыльская данорская канферэнцыя, Саміт па пытаннях бяспечнага і інавацыйнага выкарыстання ядзернай энергетыкі і навукова-практычная канферэнцыя "25 гадоў чарнобыльскай катастрофы. Бяспека будучыні".-0-
БелаПАН
Еўрапейская камісія выдзеліць 110 млн. еўра на чарнобыльскія праекты
18.4.20110 праглядаў