27 красавіка - 3 мая
Штогод у Еўрапейскім рэгіёне САЗ праводзіцца Еўрапейскі тыдзень імунізацыі (ЕТІ) з мэтай папулярызацыі ідэі аб тым, што імунізацыя мае вялізнае значэнне для прафілактыкі хвароб і абароны жыцця. У гэтым годзе ключавой тэмай ЕТІ, якая праводзіцца пад лозунгам "Дамагчыся імунізацыі для ўсіх – у нашых сілах", стане неабходнасць хутчэйшага дасягнення высокіх паказчыкаў справядлівага ахопу вакцынацыяй ва ўсіх супольнасцях – для таго, каб не дапусціць успышак хвароб цяпер і ў будучыні.
У межах кампаніі будзе распаўсюджвацца інфармацыя аб вакцынах і аб тым, наколькі важна ахапіць кожнага чалавека мерамі па абароне здароўя праз імунізацыю. У гэтым годзе тэматычныя мерапрыемствы ЕТІ пры садзейнічанні шырокага кола партнёраў будуць спрыяць далейшаму развіццю супольных ініцыятыў з маладымі спецыялістамі і моладзевымі арганізацыямі, якія займаюцца падтрымкай імунізацыі.
Вакцынацыя - адно з самых важных дасягненняў медыцыны. Дзякуючы прафілактычным прышчэпкам удалося ліквідаваць натуральную воспу, скараціць геаграфічны арэал распаўсюджвання віруса поліяміеліту. Імунізацыя ратуе больш за 3 мільёны дзіцячых жыццяў у год.
Цяпер пры дапамозе вакцын мы можам папярэдзіць больш за 30 інфекцыйных захворванняў.
У Рэспубліцы Беларусь дзейнічаеНацыянальны каляндар прышчэпак, у адпаведнасці з якім праводзіцца імунізацыя супраць 12 інфекцыйных захворванняў: вірусны гепатыт В; сухоты; коклюш; дыфтэрыя; слупняк; поліяміеліт; гемафільная інфекцыя тыпу b (ХІБ-інфекцыя); адзёр; эпідэмічны паратыт; краснуха; пнеўмакокавая інфекцыя; папіломавірусная інфекцыя; грып.
Акрамя планавых прафілактычных прышчэпак, праводзіцца імунізацыя па эпідэмічных паказаннях супраць 18 інфекцый: шаленства, бруцэлёз, вятранка, вірусны гепатыт А, вірусны гепатыт В, дыфтэрыя, жоўтая ліхаманка, кляшчавы энцэфаліт, коклюш, адзёр, краснуха, лептаспіроз, поліяміеліт, сібірская язва, слупняк, тулярэмія, чума, эпідэмічны паратыт.
Прафілактычныя прышчэпкі, уключаныя ў нацыянальны каляндар, праводзяцца ў дзяржаўных арганізацыях аховы здароўя, а таксама ў недзяржаўных арганізацыях аховы здароўя, якія маюць спецыяльны дазвол (ліцэнзію) на медыцынскую дзейнасць, выдадзены ў устаноўленым заканадаўствам парадку.
Правядзенне прафілактычных прышчэпак супраць інфекцыйных захворванняў кантынгентам дзяцей і дарослых, якія не ўвайшлі ў Нацыянальны каляндар прафілактычных прышчэпак і Пералік прафілактычных прышчэпак па эпідэмічных паказаннях, ажыццяўляецца за кошт уласных сродкаў грамадзян або сродкаў наймальніка.
Для імунізацыі насельніцтва на платнай аснове арганізацыі аховы здароўя і медыцынскія цэнтры самастойна заяўляюць і закупляюць вакцыны ў пастаўшчыкоў.
Прафілактычныя прышчэпкі ажыццяўляюцца з улікам паказанняў і супрацьпаказанняў да іх правядзення, у строгай адпаведнасці з інструкцыяй па медыцынскім ужыванні, якая прыкладаецца да імунабіялагічнага лекавага сродку. Інфармацыя аб правядзенні прафілактычнай прышчэпкі ўносіцца ў медыцынскія дакументы пацыента.
Калі пацыент адмаўляецца ад правядзення прафілактычнай прышчэпкі, лечачы ўрач павінен растлумачыць магчымыя наступствы.
Перад правядзеннем прафілактычнай прышчэпкі ўрач-спецыяліст праводзіць медыцынскі агляд і фіксуе яго вынікі ў медыцынскіх дакументах, а таксама ажыццяўляе назіранне за пацыентам на працягу 30 хвілін пасля ўвядзення імунабіялагічнага лекавага сродку.
Імунізацыя – эфектыўны і бяспечны сродак барацьбы з інфекцыйнымі захворваннямі! Яна дапамагае выратаваць жыццё як асобнаму чалавеку, так і ўберагчы свет ад эпідэмій!
Наталля Паборцава
урач-эпідэміёлаг дзяржаўнай установы «Лепельскі раённы цэнтр гігіены і эпідэміялогіі»