12 снежня, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Еўрарэгіён "Азёрны край" ініцыюе аднаўленне працы пагранічнага пункта спрошчанага пропуску "Друя-П'едруя" на мяжы з Латвіяй. Пра гэта карэспандэнту БЕЛТА паведаміла старшыня Верхнядзвінскага раённага Савета дэпутатаў Ірына Козел, якая старшынствавала на чарговым пасяджэнні еўрарэгіёна, што прайшло ў Верхнядзвінскім раёне.
З уступленнем у дзеянне спрошчанага парадку ўзаемных паездак жыхароў памежных тэрыторый Беларусі і Латвіі кантакты паміж грамадзянамі значна ўзраслі. На думку прадстаўнікоў мясцовых улад, для зручнасці жыхароў і, ідучы насустрач іх пажаданням, неабходна аднавіць працу пункта спрошчанага пропуску ў Друі. Акрамя таго, удзельнікі пасяджэння маюць намер звярнуцца ў МЗС Латвіі з просьбай адкрыць пункт выдачы дазволаў на ўдзел у малым памежным руху ў Браславе. Цяпер для таго, каб атрымаць гэты дакумент, людзям з аддаленых куткоў Віцебскай вобласці неабходна двойчы прыехаць у консульства Латвійскай Рэспублікі ў Віцебску: спачатку, каб здаць дакументы, а затым, каб атрымаць адказ.
Як адзначыла Ірына Козел, з моманту стварэння еўрарэгіёна "Азёрны край" зроблена нямала: укаранёны міжнародныя праекты ў галіне эканомікі, сацыяльнай сферы, культуры, спорту і турызму, наладжаны гандлёвыя сувязі, умацавана трансгранічнае супрацоўніцтва. Аб дзеяздольнасці і эфектыўнасці вялікага міждзяржаўнага фарміравання сведчыць пашырэнне узаемавыгадных кантактаў.
Першае палажэнне аб Савеце па трансгранічным супрацоўніцтве памежных раёнаў Беларусі, Літвы і Латвіі было падпісана 4 верасня 1998 года ў Браславе, а ў студзені 1999 года ў Ігняліне (Літва) савету нададзены статус еўрарэгіёна. У склад еўрарэгіёна з беларускага боку ўваходзяць: Браслаўскі, Верхнядзвінскі, Мёрскі, Пастаўскі, Расонскі і Глыбоцкі раёны, горад Полацк; з латвійскага боку ў складзе 15 самакіраванняў, з літоўскага - сем. Плошча тэрыторыі еўрарэгіёна складае амаль 22 тыс.кв.км, на якой пражываюць звыш паўмільёна чалавек. За час існавання еўрарэгіёна на тэрыторыях рэалізавана больш за мільён праектаў. Так, у Глыбоцкім раёне па праекце "Развіццё сеткі веламаршрутаў у Балтыйскім азёрным краі" створаны веласіпедныя турыстычныя маршруты. Штогод праходзяць фестывалі народнай творчасці Дзвіна-Даугава-Дзвіна.-0-
БЕЛТА
Еўрарэгіён "Азёрны край" ініцыюе аднаўленне працы пункта пропуску на мяжы Беларусі і Латвіі
12.12.20120 праглядаў