25 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Конкурс на лепшага грамадскага экалага будзе праводзіцца ў Беларусі пачынаючы з 2014 года. Гэта прадугледжана пастановай Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя №46 ад 26 жніўня 2013 года, якая сёння афіцыйна апублікавана на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале, паведамляе БЕЛТА.
Адна з асноўных мэт конкурсу - прапаганда ведаў у галіне аховы навакольнага асяроддзя і прыродакарыстання, а таксама фарміраванне экалагічнай культуры. Яго правядзенне будзе спрыяць захаванню і аднаўленню прыроднага асяроддзя, рацыянальнаму выкарыстанню прыродных рэсурсаў, павышэнню эфектыўнасці працы грамадскіх экалагаў па ахове навакольнага асяроддзя. Праз гэты конкурс будзе праходзіць вывучэнне і распаўсюджванне перадавога вопыту работы грамадскіх экалагаў.
Функцыі па арганізацыі і правядзенні конкурсу ўскладзены на Мінпрыроды, абласныя і Мінскі гарадскі камітэты прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя.
Праводзіцца конкурс будзе штогод з 1 красавіка па 5 жніўня ў два этапы. Падчас першага этапу (з 1 красавіка па 31 мая) будуць вызначацца лепшыя грамадскія экалогі на абласным (мінскім гарадскім) узроўні. Лепшыя грамадскія экалогі на рэспубліканскім узроўні сярод грамадскіх экалагаў, якія занялі першае, другое і трэцяе месцы на першым этапе, будуць вызначацца падчас другога тура - з 1 чэрвеня па 5 жніўня.
Пры ацэнцы канкурсантаў журы будзе ўлічваць іх садзейнічанне Міністэрству прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Беларусі і яго тэрытарыяльным органам у правядзенні прыродаахоўных мерапрыемстваў, удзел у распаўсюджванні экалагічнай інфармацыі, прапагандзе і выхаванні ў грамадзян беражлівых адносін да прыроды, павышэнні іх экалагічнай культуры.
Пераможцы абласнога этапу конкурсу будуць узнагароджвацца дыпломамі, пераможцы ж рэспубліканскага этапу будуць таксама адзначацца грашовымі прэміямі (за першае месца - не менш за 15 базавых велічынь (базавая велічыня складае Br100 тыс.), за другое месца - не менш за 12 базавых, за трэцяе месца - не менш за 10 базавых велічынь).
Інфармацыя аб правядзенні конкурсу і яго вынікі будуць размяшчацца на афіцыйным сайце Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Беларусі.-0-
Навіны Беларусі (БЕЛТА)