У аграрна-тэхнічным каледжы прайшоў штогадовы Кубак раёна па валейболе. Каманды фарміруюцца на базе прадпрыемстваў, навучальных устаноў, удзельнічаюць і проста жадаючыя.

 У гэтым сезоне згулялі 10 каманд: 6 жаночых і 4 мужчынскія.

 На працягу двух дзён за прызавыя месцы змагаліся каманды СПФ «Заазер'е», ДРБУ 202, ліцэя і каледжа. У першы дзень пазмагаліся студэнты. Перамога аказалася на баку каледжа. На другі – каманда ДРБУ 202 упэўнена, тэхнічна адпраўляла мячы на пляцоўку праціўніка. Ацаніўшы сітуацыю, капітан СПФ «Заазер'е» запытаў у суддзі тайм-аўт, наладзіў гульцоў, паказаў на памылкі – пайшла зусім іншая гульня. Аднак у другім тайме ўзялі верх дарожнікі. А вось у барацьбе за першае і другое месца ДРБУ 202 саступіла камандзе каледжа, якой заўзятары прагназавалі безумоўную перамогу яшчэ да пачатку спаборніцтваў. У складзе каманды-пераможцы знаходзіліся спартсмены, якія адстойваюць гонар раёна на абласных спаборніцтвах - Мікіта Гайдукоў, Раман Аўсееў, Дзмітрый Стараселец, Віталь Мелош. Трэцяе месца дасталася ўстанове адукацыі «Лепельскі дзяржаўны прафесійны ліцэй».