Беларусь можа і павінна займацца імпартазамяшчэннем у тых сегментах, якія з прычыны санкцый былі пакінуты інвестарамі з недружалюбных краін. Аб рабоце ў гэтым напрамку кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка расказаў на нарадзе з кіраўніцтвам Савета Міністраў на прыкладзе "Макдоналдса", які сышоў, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Публічна хачу прывесці адзін прыклад вельмі яскравы. Я не дарма назваў "Макдоналдс". Санкцыі ўвялі амерыканцы. Яны вырашылі згарнуць сваю дзейнасць і сысці з Беларусі. Дзверы адчынены, сыходзьце. Мы нікога не трымалі, але і не выганялі. Ім было сказана: хочаце працаваць - працуйце, не хочаце - сыходзьце. "Але гэта ж "Макдоналдс"..." Ці зможа хтосьці потым працаваць так, як "Макдоналдс" у Беларусі" - галоўны быў лозунг. І пайшлі да мяне хадакі: "Мы не зможам... Булачку там напалам парэзаць і ўпіхнуць туды каўбасу ці мяса не можам, бульба фры - і гэта мы не можам. Нічога не можам", - нагадаў кіраўнік дзяржавы аб праблемным пытанні, якое ўзнікла на пачатковым этапе.

Аляксандр Лукашэнка ў сувязі з гэтым заўважыў, што Беларусь па ўсім свеце прадае высакаякасныя прадукты харчавання - і малочныя, і мясныя, і многае іншае. "Бульба - ну мы ж бульбашы. Булачку гэту спячы - у нашым дзяцінстве гэтых булачак хапала, мы куплялі за некалькі капеек, і смачна было і нармальна. Парэзаць булачку напалам, упіхнуць мяса, бульбу ці салат туды не можам? Думаю, дай-ка я праверу, можам мы ці не можам", - расказаў Прэзідэнт.

Займацца і трымаць гэтае пытанне на кантролі было даручана прэс-сакратару Наталлі Эйсмант, а ад урада - першаму віцэ-прэм'еру Мікалаю Снапкову. "Волевым чынам была пастаўлена двум дзеючым асобам (задача. - Заўв. БЕЛТА). Проста пад руку трапіліся. Ідзіце і зрабіце", - сказаў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка расказаў, што і сам у выніку быў пагружаны ў пытанне, хоць і ні разу не быў у "Макдоналдсе": "Давялося акунуцца, вывучыць гэту сістэму. Нічога не спрабуючы і гэтак далей".