13 верасня, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Буйная партыя падробленых даляраў канфіскавана ў расіяніна ў Оршы. Пра гэта паведаміў сёння журналістам начальнік 9-га ўпраўлення (па Віцебскай вобласці) ГУБВП МУС Беларусі Сяргей Калантаеў, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Інфармацыя аб існаванні канала паступлення фальшывых грошай з Расіі паступіла супрацоўнікам упраўлення ў верасні. У ходзе правядзення аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў 10 верасня ў машыне на аўтамабільнай стаянцы каля буйнога гандлёвага цэнтра Оршы пры збыце падробленых $1,6 тыс. (купюрамі па $100) за сапраўдныя $500 затрыманы грамадзянін Расіі. Пры даглядзе яго аўтамабіля было выяўлена яшчэ $23 тыс. Такім чынам, агульная сума канфіскаваных фальшывых грошай, што пазней было пацверджана экспертызай, склала каля $25 тыс. "Гэта адна з найбуйнейшых партый падробнай валюты, канфіскаваных у Беларусі ў гэтым годзе", - адзначыў Сяргей Калантаеў.
Канфіскаваныя грошы адрозніваюцца высокай якасцю вырабу: купюры маюць розныя нумары, імітацыю вадзяных знакаў і іншых ступеняў абароны. На думку начальніка ўпраўлення, шараговыя грамадзяне, набываючы іх, не змаглі б адрозніць ад сапраўдных. Стаўка фальшываманетчыкаў рабілася менавіта на гэта, бо распаўсюджваць даляры планавалася сярод насельніцтва Беларусі праз сетку валютчыкаў.
Па фактах збыту падробленых даляраў і іх захоўвання з мэтай збыту ў асабліва буйным памеры ў дачыненні да збытчыка ўзбуджана 2 крымінальныя справы па ч.1 і ч.2 арт. 221 Крымінальнага кодэкса Беларусі ("выраб, захоўванне або збыт падробленых грошай або каштоўных папер"), пакаранне па якіх прадугледжвае да 15 гадоў пазбаўлення волі з канфіскацыяй маёмасці.-0-
БЕЛТА
Фальшыўкі на $25 тыс. канфіскавалі ў расіяніна ў Воршы
13.9.20110 праглядаў