Філалагічны факультэт Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П.М. Машэрава 15-22 лістапада правядзе ў ВНУ фестываль беларускага слова, паведамілі карэспандэнту ва ўніверсітэце.

Форум, прысвечаны роднай мове, культуры і традыцыям, збярэ аматараў беларускага слова. Ужо ў пачатку лістапада стартавала чэлендж-эстафета ў Instagram. Выкладчыкі і студэнты пад хэштэгам #вершыфлф публікуюць відэа, дзе яны чытаюць беларускамоўную паэзію. На працягу тыдня ўдзельнікаў фестывалю чакаюць розныя мерапрыемствы. Так, 15 лістапада пройдзе літаратурная сустрэча да 80-годдзя з дня нараджэння паэта, літаратуразнаўца Анатоля Канапелька, які выкладаў ва ўніверсітэце.

Арганізатары форуму пацешаць гасцей музычнымі і інтэрактыўнымі спектаклямі, прэзентацыяй альманаха цэнтра славянскіх моў і культур, конкурсам перакладчыкаў. 20 лістапада ў сценах ВНУ пачне працу рэспубліканская навукова-практычная канферэнцыя "Беларуская мова і літаратура ў славянскім этнакультурным кантэксце", студэнты і выкладчыкі сустрэнуцца з акадэмікам НАН Беларусі прафесарам Аляксандрам Лукашанцам. У іншыя дні запланаваны конкурс беларускай песні, пасяджэнне клуба "Размаўляй-ка", на якім навучаць азам мовы замежных студэнтаў.

Навіны Беларусі (БЕЛТА)