Фестываль фільмаў "Чалавечая годнасць, роўнасць і справядлівасць" пройдзе з 1 па 10 снежня бягучага года ў мінскім кінатэатры "Перамога", паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў дэпартаменце грамадскай інфармацыі ААН у Беларусі.
Фестываль праводзіцца ўжо 7-ы раз. Яго арганізатарамі выступаюць прадстаўніцтвы ААН і Еўрасаюза ў Беларусі, амбасады і міжнародныя арганізацыі.
У праграме - мастацкія фільмы вытворчасці Бразіліі, Даніі, Вялікабрытаніі, Італіі, Казахстана, Нідэрландаў, Швецыі, Шры-Ланкі, Фінляндыі, Францыі і Японіі. Стужкі адлюстроўваюць розныя аспекты правоў чалавека - правы дзяцей, жанчын, інвалідаў, іншых уразлівых груп насельніцтва. У фільмах раскрываюцца такія сацыяльныя праблемы, як гвалт, карупцыя, гандаль людзьмі, незаконная міграцыя.
1 снежня будзе прадэманстраваны фільм "Помста" (Данія, 2010 год), 2 снежня - "Снег Кіліманджара" (Францыя, 2011 год), 3 снежня - "Матархорн" (Нідэрланды, 2013 год), 4 снежня - "Сонца і апельсіны" (Вялікабрытанія, 2010 год), 5 снежня - "Дзяўчына па выкліку" (Швецыя, 2012 год), 6 снежня - "Мэгумі" (Японія, 2008 год), "Капітаны пяску" (Бразілія, 2011 год), 7 снежня - "Студэнт" (Казахстан, 2012 год), 8 снежня - "Гэта быў сын" (Італія, 2012 год), 9 снежня - "Сэрца льва" (Фінляндыя, 2013 год), 10 снежня - "З табой, без цябе" (Шры-Ланка, 2012 год).
Фільмы дэманструюцца з рускімі субтытрамі. Пачатак сеансаў у 19.00. Уваход на ўсе паказы вольны. Білеты можна атрымаць у кінатэатры "Перамога" ў дзень паказу з 18.00.
У фае кінатэатра будзе арганізавана тэматычная выстава плакатаў, прысвечаная процідзеянню гандлю людзьмі (матэрыялы прадастаўлены прадстаўніцтвам Еўрапейскага саюза ў Беларусі, Праграмай развіцця ААН (ПРААН), Міжнароднай арганізацыяй па міграцыі (МАМ) і Міністэрствам замежных спраў Беларусі).