24 верасня, Ліда /Алена Стасюкевіч - БЕЛТА/. Рэспубліканскі фестываль-кірмаш працаўнікоў вёскі "Дажынкі-2010" адкрыецца сёння ў Лідзе, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА. Галоўнае свята хлебаробаў трэці раз праводзіцца ў Гродзенскай вобласці. У 1997 годзе фестываль прымалі Масты, у 2003 - Ваўкавыск. На гэты раз шчаслівы білет па правядзенні 14-х "Дажынак" выпаў аднаму са старэйшых гарадоў Гродзеншчыны. На падрыхтоўку Ліды да свята было выдзелена каля Br350 млрд. План прадугледжваў 220 мерапрыемстваў па будаўніцтве, рамонце і мадэрнізацыі будынкаў, збудаванняў, інжынерных сетак, вуліц і дарог, а таксама добраўпарадкаванні і азеляненні тэрыторыі. Работы вялі 66 будаўнічых арганізацый, было задзейнічана каля 5 тыс. будаўнікоў. Упрыгожваць горад дапамагалі і мясцовыя жыхары, працуючы на суботніках. У выніку да "Дажынак" райцэнтр набыў новы выгляд. Пабудаваны і рэканструяваны шэраг аб'ектаў сацыяльна-культурнага, спартыўнага і гісторыка-культурнага прызначэння, прыведзены ў парадак аб'екты гандлю, аховы здароўя, адукацыі. Рэканструявана 29 вуліц у адпаведнасці з сучаснымі патрабаваннямі, пракладзена 280 тыс. кв.м асфальтабетоннага пакрыцця, праведзена замена і мадэрнізацыя больш чым 45 км камунікацый. Адрэмантаваны фасады 123 жылых дамоў і ўведзены ў эксплуатацыю 110-кватэрны дом для насельніцтва са знесенага жылля. Новае жыццё атрымалі гасцініца "Ліда", Дом культуры, аўта- і чыгуначны вакзалы, кінатэатр "Юбілейны", а ў будынку былога кінатэатра "Кастрычнік" распахнуў дзверы цэнтр народных рамёстваў. Адзін з самых значных аб'ектаў - Лядовы палац, на ўзвядзенне якога зрасходавана каля Br38,5 млрд., будзе ўрачыста адкрыты на другі дзень свята, 25 верасня. "Дажынкі" прывялі ў жыццё планы па рэканструкцыі Лідскага замка. І хоць усе работы плануецца завяршыць у 2012 годзе, ужо сёння госці свята здалёк убачаць вежы адноўленага замка, у якім адкрыецца фестываль сярэднявечнай культуры. Горад упрыгожылі і сімвалічныя аб'екты - стэла да 2000-годдзя хрысціянства і скульптура льва, якая ўвасабляе герб горада. Дзякуючы "Дажынкам" лідчане атрымалі найпрыгажэйшую водна-паркавую зону, прылеглую да тэрыторыі галоўнай пляцоўкі каля Палаца культуры. Тут пабудаваны трохузроўневы фантан, пракладзена сучасная лыжаролерная траса.