16 красавіка, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Фестываль "Школьны тэатр" адкрываецца сёння ў Віцебску, паведаміла карэспандэнту БЕЛТА загадчыца літаратурнай часткай Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа Святлана Дашкевіч.
У гэтым годзе сцэнічныя чытанні калектываў навучэнцаў старэйшых класаў (9-11-х) пройдуць на сцэне коласаўскага тэатра ў 16-ы раз і будуць прысвечаны 130-годдзю з дня нараджэння народных пісьменнікаў Беларусі Янкі Купалы і Якуба Коласа. За перамогу ў фестывалі пазмагаюцца 10 калектываў навучэнцаў, якія прадстаўляюць установы адукацыі абласнога цэнтра. З пастаноўкай "Кветкі пад ліўнем" Ігара Сідарука па-за конкурснай праграмай выступіць драматычны калектыў шасці- і сямікласнікаў СШ №33.
Пастаноўкі па творах Янкі Купалы, Якуба Коласа, Аляксея Дударава, Уладзіміра Караткевіча, Фёдара Полачаніна, Вольгі Гапеевай і іншых вядомых беларускіх аўтараў у выкананні маладых самадзейных артыстаў будуць дэманстравацца ў тэатры на працягу двух дзён. Па выніках прагляду ўсіх конкурсных твораў журы назаве калектывы, якім удалося дасягнуць найбольшага прафесіяналізму ў акцёрскім майстэрстве і сцэнаграфіі. Ім будуць уручаны ганаровыя дыпломы і прызы. Лепшыя ўдзельнікі конкурсу, адзначаныя за лепшую мужчынскую і жаночую ролю, а таксама за лепшую мужчынскую і жаночую ролю другога плана атрымаюць рэкамендацыю журы для паступлення на акцёрскі факультэт Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў. Імёны пераможцаў будуць агучаны на ўрачыстай цырымоніі ўзнагароджання 17 красавіка ў 15.00.
Акрамя таго, у апошні дзень фестывалю ў 12.00 старшыня журы заслужаны артыст Беларусі, прафесар, дэкан тэатральнага факультэта Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў Уладзімір Мішчанчук правядзе на коласаўскай сцэне прагляд з кансультаваннем маладых людзей, якія жадаюць зрабіць акцёрскае рамяство сваёй будучай прафесіяй.-0-
БЕЛТА
Фестываль "Школьны тэатр" адкрываецца ў Віцебску
16.4.20120 праглядаў