20 сакавіка, Віцебск /Дзіяна Курыла - БЕЛТА/. Міжнародны фестываль мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску" прыступае да заключэння дагавораў на права выкарыстання свайго таварнага знака, паведаміла карэспандэнту БЕЛТА першы намеснік генеральнага дырэктара цэнтра культуры "Віцебск" Вольга Сальнікава.
Фірменны лагатып знакамітага фестывалю вядомы і шырока распазнавальны - гэта кветка васілька на нотным стане. Як таварны знак ён зарэгістраваны ў Дзяржаўным рэестры таварных знакаў і знакаў абслугоўвання пад нумарам 19022 і ахоўваецца дзеючым заканадаўствам Рэспублікі Беларусь. У адпаведнасці з Грамадзянскім кодэксам уладальнік таварнага знака мае выключнае права на яго выкарыстанне і распараджэнне ім, а таксама права забараняць выкарыстанне таварнага знака іншым асобам. Ніхто не можа выкарыстоўваць таварны знак, які ахоўваецца на тэрыторыі Беларусі, на які выдадзена пасведчанне, без дазволу яго ўладальніка. Парушэннем правоў уладальніка таварнага знака прызнаюцца несанкцыянаваныя выраб, прымяненне, увоз, прапанова да продажу, продаж таварнага знака або тавару, абазначанага гэтым знакам, або абазначэння, падобнага з ім да ступені змешвання.
У 2011 годзе дырэкцыя фестывалю заключыла каля двух дзясяткаў дагавораў на права выкарыстання таварнага знака "Славянскага базару". Разам з дзяржаўнымі прадпрыемствамі на законных падставах васілёк на нотным стане размяшчалі прыватныя кампаніі і нават рамеснік. Як паказвае практыка, фірменны лагатып фестывалю на сувенірнай і іншай прадукцыі любога вытворцы з'яўляецца добрым спосабам прасоўвання тавару, асабліва падчас правядзення "Славянскага базару".
Разам з тым, па словах Вольгі Сальнікавай, пакуль рана казаць аб пераходзе вытворцаў на цывілізаваныя праваадносіны ў сферы інтэлектуальнай уласнасці. Шмат у чым гэта абумоўлена складанай сістэмай ацэнкі кошту таварнага знака, адсутнасцю маркетынгавых даследаванняў, якія дазваляюць вызначыць выгаду выкарыстання таварнага знака як для яго ўладальніка, так і для вытворцы.
Міжнародны фестываль мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску" пройдзе з 12 па 18 ліпеня 2012 года.-0-
БЕЛТА
Фестываль "Славянскі базар" прыступае да заключэння дагавораў на выкарыстанне свайго таварнага знака
20.3.20120 праглядаў