15 мая, Віцебск /Алена Ціханава - БЕЛТА/. Свята "Фэст сярэднявечнай культуры "Рубон-2014" пройдзе ў Полацку 23-25 мая, паведамілі БЕЛТА ў Полацкім райвыканкаме.

У Год гасціннасці і з улікам правядзення чэмпіянату свету па хакеі полацкае свята сярэднявечнай культуры набывае новыя яркія рысы, адзначылі ў райвыканкаме. Палітра "Рубона" дапоўніцца такімі складнікамі беларускай самабытнасці, як нацыянальная кухня і музейная этнаграфія: падчас свята адбудзецца кулінарны фестываль, пройдзе тэатралізацыя з выкарыстаннем музейных экспанатаў, будзе прадстаўлена рэканструкцыя гістарычных эпох развіцця Полаччыны. "Непаўторным каларытам напоўніць свята і сама пляцоўка - фэст пройдзе ля сцен старажытнай Сафіі, вобраз якой па праве можна лічыць адным з турыстычных брэндаў Беларусі", - падкрэслілі суразмоўцы.

Полацкае сярэднявечнае свята выклікае цікавасць рыцарскіх клубаў і турыстаў з Расіі, Літвы і Польшчы. У 2010 годзе "Рубон" увайшоў у міжнародны турыстычны праект "Бела Дзвіна". Праграма свята мае спаборніцкі характар: праходзіць турнір лучнікаў, турнір ранняга сярэднявечча "Ратна кола" і турніры развітога сярэднявечча, а таксама рэйтынгавыя турніры па гістарычным фехтаванні сярод адзіночак і каманд для адбору кандыдатаў у зборную Беларусі, якая абараняе гонар краіны на міжнародных спаборніцтвах "Бітва нацый" (Украіна).-0-

Навіны Беларусі (БЕЛТА)