Такому яскраваму спартыўна-культурнаму святу будуць рады ў любым куточку Беларусі і не толькі. На Віцебшчыне на гэты раз паспрыяла Полацку. Старажытны горад – выток беларускай дзяржаўнасці. Дзе, як не тут, сустрэць фестываль «Вытокі. Крок да Алімпу». Яго арганізатарамі выступілі Нацыянальны алімпійскі камітэт, Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі, мастацкая галерэя «АртХаос», кампанія «БелБрэндАўдыт».

Спартыўная і культурная праграма фесту выйшла самай насычанай. Майстар-класы, конкурсы, тэматычныя пляцоўкі, моднае дэфіле – кожны дакладна знайшоў занятак па душы. А якія чэргі выстраіліся каля лакацый па больш чым 20 відах спорту! Такія пляцоўкі – найлепшая рэклама спартыўных секцый і здаровага ладу жыцця і адначасова – магчымасць паўдзельнічаць у адным з самых маштабных міжнародных алімпійскіх квестаў.

Віцяблянку Вольгу Якуценка і яе 10-гадовую дачку Машу застаем на лакацыі Віцебскага абласнога цэнтра алімпійскага рэзерву па веславальных відах спорту, які, дарэчы, базуецца ў Полацку. У алімпійскім квесте хочам паспрабаваць усё, настроена Вольга:

– Маша пяты год займаецца лёгкай атлетыкай, ёсць дасягненні ў бегу, скачках у даўжыню і вышыню. Так што ў яе здольнасцях я ўпэўнена. Гэта не першая наша паездка на падобныя мерапрыемствы. Параўняць ёсць з чым, і, на мой погляд, у Полацку ўсё вельмі крута. Для рэгіёнаў такія святы вельмі важныя, яны робяць спорт, фізкультуру бліжэй дзецям і дарослым. Маша даўно хацела паспрабаваць сябе ў вяслярстве на байдарках. І, дзякуй фестывалю, змагла ўвасобіць мару на… сушы.

Збыцца ёй дапамаглі «Вытокi» і спецыяльныя спартыўныя трэнажоры. Старэйшы трэнер аддзялення па акадэмічным веславанні, майстар спорту Міхаіл Камінскі заўважае:

– Акадэмічнае веславанне і веславанне на байдарках і каноэ – культавыя для Полацка віды спорту. Такія, як «Вытокi», праекты падсілкоўваюць цікавасць да іх. Няхай нашых, выгадаваных у Полацку чэмпіёнаў будзе больш!

Якое адно з лепшых месцаў для фестывальнага сэлфі на плошчы Свабоды? Юная спартсменка Насця Аляксеева з Бігосава ўпэўнена:

– Гэта гоначны грузавік каманды «МАЗ-СПАРТаўта», той самы, што ўдзельнічаў у ралі «Дакар». Калі яшчэ будзе шанец узяць аўтограф у яго экіпажа?!