30 мая, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Фестываль "Звiняць цымбалы i гармонiк" у Паставах будзе ўвекавечаны ў камені, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў аддзеле культуры Пастаўскага райвыканкама.
Скульптурную групу, якая сімвалізуе фестываль, вырабілі студэнты Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў (Мінск) падчас пленэру каменячосаў, арганізаванага ў Паставах падчас форуму. Кампазіцыя ўяўляе сабой расцягнутую гармонь, устаноўленую на вялікім валуне, з сілуэтамі музыкантаў - мужчыны і жанчыны, якія выступаюць па баках музычнага інструмента. Побач размешчаны нотны стан, на якім намаляваны ноты пазыўных фестывалю. Урачыстае адкрыццё помніка адбудзецца 9 чэрвеня каля Пастаўскай дзіцячай школы мастацтваў. На святочнай цырымоніі школе будзе ўрачыста прысвоена імя Антонія Тызенгаўза.
Міжнародны фестываль народнай музыкі "Звiняць цымбалы i гармонiк" пройдзе сёлета 8-10 чэрвеня. На свяце збяруцца каля 500 гасцей і ўдзельнікаў з Беларусі, Расіі, Украіны, Літвы, Латвіі, Эстоніі, Польшчы і Казахстана. Праграма форуму, якая ўключае шматлікія мерапрыемствы, пройдзе пад знакам двайнога юбілею: фестываль адзначыць 15-годдзе прысваення яму статусу міжнароднага і 130-годдзе з дня нараджэння класікаў беларускай літаратуры Янкі Купалы і Якуба Коласа.
Упершыню на фестывалі адбудзецца конкурс мастацкай творчасці "Кнiжны фэст" сярод устаноў адукацыі раёна. На вялікім кніжным кірмашы будзе прапанаваны шырокі выбар выданняў беларускіх аўтараў, у тым ліку сучасных. На творчых пляцоўках горада і раёна выступяць прафесійныя і самадзейныя калектывы народнай музыкі і песні з розных краін: Нацыянальны акадэмічны народны аркестр Рэспублікі Беларусь імя І.Жыновіча, Нацыянальны акадэмічны хор Рэспублікі Беларусь імя Г.Цітовіча, ансамблі званартоў і "Талака", Дзяржаўны ансамбль песні, музыкі і танца Lietuva (Вільнюс), маладзёжная група "Калодзiй" (Украіна) і інш. Нязменнай папулярнасцю карыстаецца таксама маштабнае тэатралізаванае прадстаўленне "Пастаўскі баль", выстава ў Горадзе майстроў, гульнёвыя пляцоўкі, конкурс калектываў і выканаўцаў на народных інструментах "Хто каго?".-0-
БЕЛТА
Фестываль "Звіняць цымбалы і гармонік" у Паставах будзе ўвекавечаны ў камені
30.5.20120 праглядаў