У 56 раз азёрны край сабраў на свята традыцыйнай культуры “Браслаўскія зарніцы” шматлікія творчыя калектывы. Нягледзячы на розныя абставіны, мерапрыемства захавала міжнародны статус.

Урачыстае адкрыццё фэсту адбылося надвячоркам з традыцыйнай здабычы жывога агню, шэсця клубаў, разнастайных забаўляльных праграм.

Акрамя шматлікіх творчых калектываў на фестываль завіталі ганаровыя госці: старшыня Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў Уладзімір Цярэнцьеў, першы намеснік міністра культуры Беларусі Валерый Грамада, начальнік упраўлення культуры аблвыканкама Пётр Падгурскі. У ліку шаноўных гасцей -- прадстаўнік Рэспублікі Узбекістан, намеснік дырэктара Дэпартамента гуманітарнага супрацоўніцтва, агульнапалітычных і сацыяльных праблем Выканаўчага камітэта СНД Халмурат Рашыдаў, Генеральны консул Рэспублікі Беларусь у Даугаўпілсе Ілья Лапуць, член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Уладзімір Мацвееў, дэлегацыі горада Цзінчжоу (КНР) на чале з намеснікам старшыні Народна-палітычнага кансультацыйнага савета Кітая Вань Цзянпін, італьянскай правінцыі Рандацца на чале са старшынёй Савета Камуны Ціндара Скалізі, Сартвальскага гарадскога пасялення Рэспублікі Карэлія, пад кіраўніцтвам кіраўніка адміністрацыі Германа Грышына.

А ў цэнтр горада ручайкамі сцякаюцца шматлікія прадстаўнікі арганізацый і прадпрыемстваў, мастацкія калектывы гаспадароў і гасцей. Тут фарміруецца калона, якая бярэ накірунак у лесапарк Леснічоўка – месца масавых гулянняў. Свята набірае моц.

Яго ўдзельнікаў вітае Уладзімір Цярэнцьеў. Ён нагадвае прысутным, што фестываль “Браслаўскія зарніцы” старэйшы ў краіне, стаў своеасаблівым брэндам не толькі раёна, але і ўсёй вобласці. Ён у чарговы раз пацвярджае добра вядомы пастулат: творчасць аб’ядноўвае, а ў Год міра і стварэння набывае асаблівы сэнс, калі зразумелая ўсім мова песні і танца нясе толькі дабрыню, узаемаразуменне і ўсмешкі. Гэтыя словы знайшлі працяг у канцэрце-прывітанні “Творчасць. Сяброўства. Яднанне”.