І гэта самы прыдатны час, каб задумацца пра сваё здароўе

Так, напрыклад, у Лепельскай абласной псіхіятрычнай бальніцы можна атрымаць спектр карысных для арганізма паслуг.

— Дзякуючы працэдурам сыходзіць скаванасць у рухах, адчуваю сябе значна лягчэй і здаравей. Медсястра Марцінкевіч Анжэла Віктараўна падыходзіць комплексна, у яе проста залатыя рукі, — падзялілася ўражаннямі Наталля Кукса.

Віталь Якубовіч перыядычна наведвае ручны масаж і масажнае крэсла:

— Анжэла Віктараўна — прафесіянал сваёй справы! Пазітыўны, добры і працуе на сумленне. Вынік пераўзыходзіць усе чаканні! – дадаў Віталь Якубовіч.

— Сапраўды масаж ва ўсім свеце прызнаны ўніверсальным метадам функцыянальнага лячэння і шырока ўжываецца пры абсалютнай большасці захворванняў і траўм. А масажнае крэсла ў стане замяніць цэлы масажны кабінет, валодае разнастайнымі наборамі технік масажу. Акрамя гэтага, ёсць таксама масажная тэрматэрапеўтычная кушэтка — адно з апошніх дасягненняў у галіне фізіятэрапіі. Рухаючыся ўздоўж хрыбетніка, нефрытавыя ролы масажуюць мяккія тканіны, расцягваюць хрыбетнік, ціснуць і праграваюць біялагічна актыўныя кропкі, — адзначае медсястра Безручэнка Наталля Міхайлаўна.

— Якія яшчэ працэдуры карыстаюцца папулярнасцю ў лепельчан і гасцей горада?

— У спісе папулярных таксама светалячэнне. Напрыклад, апарат «Рэфтон» — сучасны шматфункцыянальны лазерны апарат, які выкарыстоўваецца не толькі ў наркалагічнай практыцы, але і для зняцця бытавых і вытворчых стрэсаў, павышэння працаздольнасці.

Ультрафіялетавае выпраменьванне ўжываецца пры вострых і хранічных працэсах нягнойнага характару, павольна загоенных ранах, язвах, пралежнях, траўмах суставаў.

Гальванізцыя і лекавы электрофарэз — складаны метад, які спалучае дзеянне на арганізм пастаяннага току і ўводзяцца з яго дапамогай лекавых рэчываў.

З імпульснай электратэрапіі мы прапануем наведвальнікам электрасон, пры якім чалавек апускаецца ў штучны сон шляхам уздзеяння на мозг імпульснымі токамі, а таксама ампліпульстерапія.

А вось высокачашчынную электратэрапію — дарсонвалізацыю я вырашыла праверыць на сабе. Я б назвала гэтую працэдуру «чароўнай» памазкай, а вось медыкі запэўніваюць, што гэта ўнікальная фізіятэрапеўтычная методыка лячэння і аднаўлення функцый скурнага і валасянога покрываў, унутраных органаў, слізістых абалонак, пратокаў сальных залоз і іншых.

Таксама ў кабінеце можна прайсці магнітатэрапію, ультрагукавую і ультравысокачашчынную тэрапію.

Таксама Анжэла Віктараўна распавяла пра ванны.

— Ванны самага рознага віду з'яўляюцца вельмі важнымі і вельмі эфектыўнымі водалячэбнымі працэдурамі. З даўніх часоў іх ужывалі з гігіенічнай, лячэбнай і прафілактычнай мэтай. Адпаведна да пачатку 21 стагоддзя назапашаны велізарны вопыт іх выкарыстання ў лячэбных мэтах.

У залежнасці ад захворвання прызначаюць ванны прэсныя, араматычныя, мінеральныя (хларыдныя, натрыевыя, ёдобромныя, бішафітныя і іншыя мінералы).

Ёсць таксама ў наяўнасці экстракт хваёвы, бішафіт, соль марская з мікраэлементамі ёдобромная, соль марская прыродная з рамонкам, з лавандай, хваёвым канцэнтратам і іншыя.

Таксама любяць жыхары раёна лячэбную сауну, дзеянне якой накіравана на ўстараненне функцыянальных зрухаў у арганізме, у прыватнасці, на павышэнне рэзерваў кардыярэспіраторнай сістэмы, мікрацыркуляцыі, імуннай рэактыўнасці. Усімі даследчыкамі адзначана антыстрэсавае, седатыўнае дзеянне сауны. Наведванне сауны выклікае адчуванне псіхічнага камфорту, рэлаксацыі, зніжэння ўзбудлівасці і паляпшэнне сну. Сауна павышае эмацыйны стан чалавека.

А пасля сауны наведвальнікі з задавальненнем у душы абліваюцца ледзяной вадой і п'юць карысны фітачай, які заўсёды ёсць у асартыменце.