13 верасня, Гродна /Алена Стасюкевіч - БЕЛТА/. Фінал рэспубліканскіх спаборніцтваў юных футбалістаў "Кажаны мяч" на прызы Прэзідэнцкага спартыўнага клуба стартуе заўтра ў Гродне. Горад над Нёманам прымае ўдзельнікаў спаборніцтваў сярод 13-14-гадовых футбалістаў (старэйшая ўзроставая група), паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў прэс-службе Прэзідэнцкага спортклуба. Сёння адбудзецца жараб'ёўка, а заўтра - урачыстае адкрыццё спаборніцтваў. Гульні групавога раўнда, а таксама спаборніцтвы па элементах тэхнікі футбола і фізічнай падрыхтоўкі пройдуць на полі Цэнтральнага спартыўнага комплексу "Нёман". На фінішную рысу ў старэйшай узроставай групе выйшлі каманды "Зорка" (Баранавічы), "Юнацтва" (Лепельскі раён), "Віцязь" (Гомель), дружына са Шчучынскага раёна, каманда з Маладзечна, "Ветразь" (Белыніцкі раён) і сталічныя "Тарнада" з Маскоўскага раёна і "Партызан" з Партызанскага раёна. Да гэтага ў Наваполацку ўжо прайшлі спаборніцтвы сярод каманд сярэдняй узроставай групы (11-12 гадоў). Завершацца фінальныя гульні на прызы Прэзідэнцкага спартыўнага клуба 17 верасня. Па традыцыі пераможцы і прызёры атрымаюць каштоўныя прызы і памятныя кубкі, а ўсе фіналісты спаборніцтваў - сувеніры ад Прэзідэнцкага спартыўнага клуба. Акрамя яго ў ліку арганізатараў турніру з'яўляюцца Міністэрства спорту і турызму, Міністэрства адукацыі, БРСМ і асацыяцыя "Беларуская федэрацыя футбола". Генеральны спонсар - кампанія "БТТелекамунікацыі" ЗАТ "БелТэхЭкспарт", партнёры - Гандлёвы дом "БЕЛАЗ" і Беларуская калійная кампанія. Як паведамілі ў прэс-службе Прэзідэнцкага спортклуба, турнір "Кажаны мяч" неўзабаве адзначыць свой паўвекавы юбілей. За гэты час у ім прынялі ўдзел мільёны хлапчукоў, а некаторыя з іх ужо ўпісалі сваё імя ў гісторыю сусветнага футбола.-0-

БЕЛТА