22 мая, Віцебск /Алена Ціханава - БЕЛТА/. Фіналістка конкурсу "Еўрабачанне-2013" Алена Ланская прыме ўдзел ва ўрачыстым адкрыцці XXII Міжнароднага фестывалю мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску". Пра гэта сёння на прэс-канферэнцыі паведаміў першы намеснік міністра культуры Беларусі Уладзімір Карачэўскі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Уладальніца Гран-пры ХХ Міжнароднага конкурсу выканаўцаў эстраднай песні "Віцебск-2011", выйдзе на сцэну Летняга амфітэатра разам з такімі зоркамі эстрады, як Эдыта П'еха, Крысціна Арбакайтэ, Алена Ваенга, Дзіма Білан (Расія), Анатоль Ярмоленка, Іна Афанасьева (Беларусь), Ціна Караль (Украіна), Роза Рымбаева (Казахстан), Al Bano/Аль Бано, In-Grid/Ін-Грыд (Італія), "GIPSY KINGS"/"Джыпсі Кінгс" (Францыя).
"Адкрыццё фестывалю пройдзе ў новым фармаце. Канцэрт будзе складацца з дзвюх частак. Першая прысвечана 25-годдзю Летняга амфітэатра, другая - своеасаблівае прывітанне віцебскаму форуму мастацтваў ад фестываляў іншых гарадоў. Акрамя гэтага, упершыню ў канцэрце адкрыцця пройдзе прэзентацыя ўдзельнікаў конкурснай праграмы дарослага і дзіцячага конкурсаў", - распавёў Уладзімір Карачэўскі.
Вядзенне ўрачыстай цырымоніі даверылі тром парам вядучых: Алена Спірыдовіч і Георгій Калдун (Беларусь), Марына Дзявятава і Уладзімір Беразін (Расія), Аксана Антонюк і Цімур Мірашнічэнка (Украіна).
Урачыстая цырымонія адкрыцця Міжнароднага фестывалю мастацтваў - адно з самых рэйтынгавых і дарагіх канцэртных мерапрыемстваў фестывалю. Сёлета кошт білетаў вагаецца ад Br980 тыс. у 2-м і 3-м сектарах амфітэатра да Br450 тыс. - у 8-м сектары.
Рэалізацыя білетаў на мерапрыемствы ХХІІ Міжнароднага фестывалю мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску" пачнецца з 27 мая.-0-